Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Навуковы семінар “Вытокі беларускай археалогіі. ПАЎНОЧНЫ ЗАХАД: АД ПАЛЕАЛІТУ ДА КАЛОЖЫ”

  • 06.03.2020

6 сакавіка 2020 года ў 9:00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца навуковы семінар “Вытокі беларускай археалогіі. ПАЎНОЧНЫ ЗАХАД: АД ПАЛЕАЛІТУ ДА КАЛОЖЫ” (да 205-годдзя з дня нараджэння Я. Тышкевіча і 150-годдзя з дня нараджэння І. Стаброўскага).

Мерапрыемства прысвечана памяці двух выбітных постацяў у беларускай археалогіі – Яўстаху Тышкевічу і Іосіфу Стаброўскаму. Іх памятныя даты прыпалі на 2019 г., але магчымасць адзначыць іх належным чынам з’явілася толькі зараз.

Яўстах Тышкевіч (18.04.1814 – 08.09.1873) – беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнавец і фалькларыст, заснавальнік Віленскага музея старажытнасцяў і Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў крывіцкія курганы, гарадзішчы і замчышчы ў Мінску, Слуцку, Друцку, Заслаўі, Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры. Аўтар шматлікіх прац па археалогіі і краязнаўству.

Іосіф Стаброўскі (02.11.1869 – 15.01.1968) вывучаў старажытную гісторыю Слонімшчыны і суседніх раёнаў, даследаваў курганы ў басейне Нёмана. Вялікая калекцыя гісторыка-археалагічных матэрыялаў, сабраных Іосіфам Стаброўскім, стала асновай Слонімскага краязнаўчага музея, дзе ён быў дырэктарам і захавальнікам фондаў.

Запрашаем Вас прыняць удзел у абмеркаванні пытанняў археалогіі Паўночнага Захаду Беларусі: гісторыя археалагічнага вывучэння басейнаў рэк Нёман і Вілія; працы Я. Тышкевіча, І. Стаброўскага, В. Шукевіча, А. Цэгак-Галубовіч на гэтых тэрыторыях; вынікі апошніх археалагічных даследаванняў у Паўночна-Заходняй Беларусі.

Спадзяемся, што семінар пакладзе пачатак тэматычным мерапрыемствам, прысвечаным выбітным постацям у археалогіі Беларусі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Семінар працуе 06.03.2020 з 9:00 да 20:00

Тэл.: 327-43-22

Па арганізацыйных пытаннях: 373-55-08