Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выставачны праект "Скарбонка мілай драбязы"

  • 10.03.2020

З 10 сакавіка 2020 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выставачны праект "Скарбонка мілай драбязы", арганізаваны сумесна з ААТ ААБ "Беларусбанк".

Выстава "Скарбонка мілай драбязы" – першы сумесны праект, арганізаваны пры ўдзеле ААТ ААБ "Беларусбанк", на якім прадстаўлены прадметы з калекцыі банка. Некалькі дзясяткаў рэдкіх скарбонак запоўняць вітрыны і раскажуць пра тое, як людзі ва ўсе часы асцярожна збіралі і захоўвалі не толькі грошы, але і прадметы, якія мелі для іх важнае значэнне. Калекцыя ўнікальных паштовак канца XIX – пачатку XX стагоддзя нагадае наведвальнікам, наколькі важна зберагчы кожны ўспамін і кожны фрагмент натхняльнага мінулага. Таксама выстава дапоўнена ўнікальнымі прадметамі з прыватнай калекцыі лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне" Уладзіміра Ліхадзедава.

Галоўная ідэя праекта – стварыць інтэрактыўную выставачную прастору, якая раскрывае вобраз банка як месца для добрых спраў, дзе рэалізуюцца сацыяльныя і культурныя праекты, падтрымліваецца нацыянальная культура, цэняцца простыя рэчы і працуюць чулыя людзі.

Скарбонка або паштоўка, асабліва якія валодаюць доўгай гісторыяй, становяцца каштоўнасцю як для чалавека, так і музея. Захоўваць рознага роду "дарагія" прадметы – гэта адно з праяўленняў чалавечай натуры. Людзі ва ўсе часы і асабліва сёння цэняць "добрыя дробязі", якія прадстаўляюцца ў матэрыяльных прадметах (манетах, значках, цацках) і нематэрыяльных катэгорыях (словах, думках, учынках, справах, успамінах). Выстава "Скарбонка мілай драбязы" адкрывае дзверы для сваіх наведвальнікаў, прапануе прыняць удзел у майстар-класах і зрабіць памятныя здымкі на спецыяльна арганізаванай інтэрактыўнай фотазоне.

Падчас цырымоніі адкрыцця будзе падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і ААТ ААБ "Беларусбанк", што дасць магчымасць умацаваць партнёрскія адносіны і ажыццявіць мноства новых сумесных праектаў.

Выстава працуе з 10 па 29 сакавіка 2020 г.

Адрас: вул. К. Маркса, 12, г. Мінск

Тэлефон: 8017 327 43 22, 321 23 71