Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



75 гадоў разам: Беларусь – дзяржава-заснавальніца ААН

  • 24.04.2020

24 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачне работу выстаўка, прымеркаваная да 75–годдзя Канферэнцыі ў Сан–Францыска па ўтварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Міжнароднага дня дэлегата.

Архіўныя фотадакументы і іншыя рарытэты часу ўтварэння ААН будуць прадстаўлены для азнаямлення наведвальнікам музея да 24 траўня.

Для віртуальнага наведвання выстаўкі будуць арганізаваны анлайн–экскурсіі на інфармацыйных платформах музея (Instagram, Facebook, Youtube–канале).

Мір і бяспека найбольш цэняцца людзьмі ў гады пасляваеннага ліхалецця. Так, горкі вопыт Другой сусветнай вайны яшчэ раз нагадаў чалавецтву: бесперапынныя геапалітычныя сутыкненні не садзейнічаюць росквіту той ці іншай дзяржавы, не спрыяюць атрыманню ўлады над тымі ці іншымі з нацый. Дзяржавы незалежны і раўнапраўны. Гэта аснова не толькі сучасных нацыянальных палітык, але і міжнароднай праватворчасці.

На жаль, такая простая ісціна, што важна «жыць разам, у згодзе, як добрыя суседзі», была замацавана дэ–юрэ толькі ў 1945 г. 26 чэрвеня ўпаўнаважаныя прадстаўнікі 50 дзяржаў падпісалі самы важны дакумент

XX стагоддзя – Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Утварэнне такога роду міжнароднай Арганізацыі, канешне, звязана з трагічным вынікам спаборніцтва паміж краінамі за сусветнае панаванне. Пасля таго як Сцяг Перамогі быў узняты над Рэйхстагам не адна толькі Германія вымушана была пагадзіцца: хто прыходзіць з мячом, ад мяча і гіне. Імкненне ўладарыць праз зброю ці сілу не можа і не павінна быць узнагароджана вянком Перамогі.

Сярод дыпламатаў–беларусаў, паставіўшых свой подпіс пад Статутам ААН у чэрвені 1945 г., быў Кузьма Венедыктавіч Кісялёў. Мундзір знакамітага дзеяча БССР, які добра бачны на яго плячах на ўрачыстых фотаздымках – у Доме ветэранаў у Сан–Францыска, захаваны на памяць усім пакаленням беларусаў.

Нацыянальны гістарычны музей шануе міратворчую дзейнасць беларускага народа і ў год святкавання 75–годдзя далучэння Беларусі да дзяржаў – заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прапануе наведаць унікальную выстаўку, на якой будуць упершыню прадэманстраваны фотаздымкі гістарычнага значэння з архіва ААН, а таксама асабістыя рэчы беларускіх дыпламатаў, што, безумоўна, з’яўляецца сведчаннем насамрэч велізарнай ролі Беларусі ва ўтварэнні Арганізацыі.

У гэтым годзе, 25 красавіка 2020 года, – роўна 75 гадоў пасля ўрачыстага адкрыцця Канферэнцыі ў Сан–Францыска, што заклала падмурак дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, – упершыню адбудзецца святкаванне Міжнароднага дня дэлегата, устаноўленага Генеральнай Асамблеей ААН па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь. Дэлегаты з’яўляюцца важнымі асобамі ў рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, знаходзяцца ў пошуку рашэння глабальных праблем сродкамі дыпламатыі пры падтрымцы асноўных прынцыпаў Арганізацыі.

Арганізатары выстаўкі – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12