Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Навуковы семінар «Вытокі беларускай археалогіі: (ня)страчаная спадчына»

  • 15.10.2020

15 кастрычніка 2020 года ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адбудзецца рэспубліканскі навуковы семінар «Вытокі беларускай археалогіі: (ня)страчаная спадчына».

Мерапрыемства прысвечана памяці выбітных фігур у беларускай археалогіі – Уладзіміру Антановічу (190 год з дня нараджэння), Глебу Бонч-Асмалоўскаму (130 год з дня нараджэння) і Аляксандру Кавалене (125 год з дня нараджэння).

Уладзімір Антановіч (1830 – 21.03.1908) – археолаг, гісторык, этнограф. Абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Нарыс гісторыі Вялікага княства Літоўскага да смерці вялікага князя Альгерда». Абследаваў тэрыторыю Сярэдняга Падняпроўя, праводзіў археалагічныя раскопкі пахавальных помнікаў радзімічаў.

Глеб Бонч-Асмалоўскі (03.11.1890 – 01.11.1943) – антраполаг і археолаг. Доктар гістарычных навук. Разам з К. М. Палікарповічам праводзіў археалагічныя раскопкі палеалітычных паселішчаў на Гомельшчыне і Смаленшчыне.

Аляксандр Каваленя (05.03.1895 – 27.08.1937) – археолаг. Удзельнічаў у даследаваннях старажытнага Мінска, Банцараўскага гарадзішча, курганоў у Заслаўі, Бердыжскай палеалітычнай стаянкі. Займаўся складаннем карты археалагічных помнікаў паўднёвай часткі Беларусі да Мінска. Вывучаў гісторыю насельніцтва басейнаў рэк Заходняя Дзвіна і Ловаць у жалезным веку. Палявыя працы і публікацыі з удзелам Аляксандра Кавалені паклалі пачатак вывучэнню мілаградскай, зарубінецкай і пражскай культур у Беларусі, а таксама вывучэнню старажытнага Турава.

Запрашаем прыняць удзел у абмеркаванні пытанняў па вывучэнні гісторыі старажытных помнікаў і разглядзе апошніх вынікаў археалагічных даследаванняў паўднёва-ўсходняй Беларусі і суседніх краін.

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль

г. Гомель, пл. Леніна, 4

Семінар працуе 15.10.2020 з 9.00 да 19.00