Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Канцэрт да 255-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага

  • 25.09.2020

25 верасня а 19-й гадзіне на сцэне Малой залы імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт, прысвечаны 255-годдзю выдатнага кампазітара, дыпламата, палітычнага і грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага.

У выкананні заслужанага калектыву Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь і квінтэта «Амелія» Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага прагучаць музычныя творы таленавітых прадстаўнікоў дынастыі Агінскіх, знакамітых дзеячаў беларускай, польскай і літоўскай культур Станіслава Манюшкі і Яна Карловіча, а таксама прадстаўніка паўночна-нямецкага барока Дзітрыха Букстэхудэ і інш.

Падчас імпрэзы адбудзецца прэзентацыя альбома «Адраджэнне і вяртанне. Да 255-годдзя з дня нараджэння М. К. Агінскага», падрыхтаванага Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, філіялам «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры», Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжам імя М. К. Агінскага, дабрачынным фондам г. Маладзечна «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага».

Мастацкі кіраўнік і дырыжор – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава. У канцэрце возьме ўдзел саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Андрэй Мацюшонак (тэнар).

У якасці ганаровых гасцей на канцэрт запрошаны прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, дапламатычных місій Польшчы, Літвы, Расіі, Францыі, Італіі, кіраўнікі ўстаноў культуры і грамадскіх арганізацый, журналісты.

Узроставы цэнз мерапрыемства: 6+

Кантактныя тэлефоны:

+375 17 255-26-68 (Кавалёва Алена Уладзіславаўна, дырэктар Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь)

+375 29 853-75-98 (Сапоцька Павел Міхайлавіч, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь)