Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “Мастак і тэатр”

  • 11.09.2020

З 11 верасня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае работу выстаўка народнага мастака Беларусі, галоўнага мастака Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Барыса Герлавана «Мастак і тэатр».

Герлаван Барыс Федасеевіч нарадзіўся 25 снежня 1937 года ў вёсцы Мартаноша Наваміргарадскага раёна Кіраваградскай вобласці (Украіна).

Працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача (1960–61), Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы (з 1962). Скончыў аддзяленне сцэнаграфіі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (майстэрня Я. Чамадурава, кіраўнік дыпломнай працы П. Масленікаў) (1966).

У 1985 годзе Барыс Герлаван атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за афармленне спектакляў «Парог» (1983) і «Радавыя» (1984). За афармленне спектакля «Мудрамер» у 1988 годзе мастаку была прысвоена Дзяржаўная прэмія БССР. З 1991 года выкладае сцэнаграфію ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977), народны мастак Беларусі (1990), прафесар (1998).

Aформіў толькі на сцэне Купалаўскага тэатра звыш 70 спектакляў. Аўтар сцэнаграфіі да спектакляў у іншых тэатрах Беларусі, блізкага і далёкага замежжа, лаўрэат шматлікіх міжнародных тэатральных фестываляў. Працы Барыса Герлавана адметныя рэалістычнай выразнасцю, вобразнасцю і каларыстычнай удаласцю.

Дзякуючы свайму таленту Барыс Герлаван пры афармленні сцэнічнай прасторы ўзнімаецца да ўзроўню драматурга і рэжысёра, робіцца паўнапраўным суаўтарам драматургічнага твора. Часта яго сцэнаграфія становіцца адным з самых галоўных кампанентаў спектакля і вызначае поспех спектакля ў гледача. Так было са спектаклямі «Бура» Уільяма Шэкспіра, «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы (1972), «Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы (1974), «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Андрэя Макаёнка (1976), «Апошні шанец» Васіля Быкава (1974), якія ўвайшлі ў залатую скарбонку беларускага тэатральнага мастацтва.

На выстаўцы наведвальнікі змогуць пазнаёміцца са сцэнаграфічнымі творамі мастака, якія зоймуць пачэснае месца ў фондах і экспазіцыі Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. У гэтым годзе Барыс Федасеевіч Герлаван падараваў свае выключныя па вырашэнні мастацкія творы музею.

Выстаўка дэманструецца з 11 верасня па 19 кастрычніка.

Мінск, зав. Музычны, 5

Без выхадных з 10:00 да 17:30

Тэл. (017) 326-26-67

theatre.histmuseum.by