Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Экспазіцыя «Восі экзістэнцыі»

  • 05.10.2020

5 кастрычніка ў 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё экспазіцыі «Восі экзістэнцыі», прымеркаванай да Міжнароднай навукова-практычнай і творчай канферэнцыі «Мастацтва і сучасны горад: супольнасць, інавацыі, кантэкст».

У Беларусі і свеце на сёння востра стаіць пытанне выбару далейшых стратэгій урбаністычнага бачання і фарміравання мастацкага вобраза горада. Нядаўнія пераўтварэнні Берліна, Парыжа, Масквы і другіх «зорных месцаў», стварэнне інавацыйных кластараў у Амстэрдаме, Лондане і іншыя трансфігурацыі гарадскога асяроддзя і самі інавацыі ў ім выклікалі новыя спрэчкі аб ідэі і прыродзе горада, яго пераходзе ў новую эру мастацтва і камунікацый. Міжнародная канферэнцыя «Мастацтва і сучасны горад: супольнасць, інавацыі, кантэкст» нацэлена на далейшае мастацкае бачанне гарадоў Беларусі і на стратэгіі іх развіцця, у прыватнасці, Мінска і яго агламерацыі. Чакаецца, што ўдзельнікі канферэнцыі прапануюць інавацыйныя ідэі аб перспектывах мастацтва ва ўрбанізацыі мінскай агламерацыі. Плануецца разглядаць горад як мультыактарную сістэму, у якой мастацтва, новы дызайн, культурная памяць, сацыяльныя практыкі ўзаемазвязаны.

Выставачны праект, прымеркаваны да канферэнцыі, раскрывае пластычныя экзістэнцыялы – перажыванні гарадскога асяроддзя ў мастацкіх вобразах: гарадскі спектакль, гістарычнасць, вобразы community, сінгулярнасць і адзіноту. «Медыя» экспазіцыі – жывапіс, інсталяцыя, змешаныя тэхнікі і калаж, дызайн, відэа.

У аснове «Восей экзістэнцыі» – ідэя складкі. Жыль Дэлёз разумеў складку як асаблівы акт ператварэння ўнутранага ў знешняе, матэрыі ў духоўнае, духоўнага ў матэрыяльнае, вобраза ў экзістэнцыю. У гэтым плане складка падобная да манады, розныя якасці якой парадаксальна спалучаюцца.

Экспазіцыя даследуе гэты пераход знешняга ва ўнутранае, матэрыі горада ў вобразы перажыванняў. Горад тут партрэтуецца не столькі як сістэма гарадскіх вобразаў, чаму прысвечана класічная візуальная культура аб горадзе, але як мастацкі запіс урбаністычных перажыванняў, слядоў кантактаў мастака і горада, экспромтаў адзіноты, самотнасці або салідарнасці, сутворчасці ва ўрбаністычным асяроддзі.

Аўтар канцэпцыі экспазіцыі – Ігар Духан. У экспазіцыі будуць прадстаўлены як новыя творы і аб’екты ўжо вядомых мастакоў, дызайнераў, архітэктараў: Льва Агібалава, Алеся Родзіна, Генадзя Козела, Ірыны Лобан, Наталлі Рачкоўскай, Любові Абрамавай, Дзмітрыя Аганава, Алены Матросавай, Усевалада Швайбы і іншых, – так і творы зусім маладых мастакоў і дызайнераў.

Арганізатарамі выступаюць Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, кафедра мастацтваў і дызайну асяроддзя факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ пры падтрымцы Каралінскага інстытута (Швецыя), Польскага інстытута ў Мінску і Пасольства Францыі ў Беларусі.

Партнёры – СААТ «Камунарка», кампанія «Мегафорт».

Кантактная асоба – Наталля Трус, навуковы супрацоўнік музея (8033 304-76-43).

Адрас музея: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Працоўны час: з 11.00 да 19.00, каса да 18.30. Без выхадных дзён

Тэлефоны музея: +375 17 327-43-22, +375 17 327-48-27