Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «“Настаўніцкая газета”. 75 гадоў з асветнікамі Беларусі»

  • 21.12.2020

21 снежня ў 12.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12) адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі «“Настаўніцкая газета”. 75 гадоў з асветнікамі Беларусі», прысвечанай 75-годдзю з дня выхаду першага нумара выдання.

«Настаўніцкая газета» – адна з найстарэйшых у перыёдыцы краіны. Першы нумар убачыў свет 20 снежня 1945 года. Газета асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні педагагічнай навукі і практыкі, аналізуе развіццё педагагічнай думкі Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформ агульнаадукацыйнай школы, пераўладкаванні сістэм прафесійнай падрыхтоўкі і вышэйшай адукацыі, расказвае пра навучанне ў краінах замежжа. Выданне адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама іх бацькам. «Настаўніцкая газета» двойчы ўзнагароджана прэміяй Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» ў намінацыі «Лепшае галіновае выданне» (2011 г. і 2015 г.).

Сёння рэдакцыя «Настаўніцкай газеты» з’яўляецца часткай рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Педагагічная прэса», які ажыццяўляе вытворчасць і выпуск у свет не толькі «Настаўніцкай газеты», але і навукова-педагагічнага часопіса «Народная асвета», газет для падлеткаў «Переходный возраст» і «Раніца», газеты для замяшчальных бацькоў і спецыялістаў па сямейным уладкаванні «Домой!», часопіса аб беларускім спорце «Спортtime», сеткавага выдання ng-press.by.

У рамках часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены дакументы, фотаздымкі, узнагароды выдання, асабістыя рэчы і рукапісы першага рэдактара газеты А. С. Крушынскага. Прадметы выставы праілюструюць цікавыя праекты і напрамкі дзейнасці газеты, а таксама нагадаюць наведвальнікам пра прафесіяналізм, апантанасць і адданасць журналістаў «Настаўніцкай газеты» сваёй годнай справе.

Тэрмін працы часовай экспазіцыі: 21.12.2020 – 21.01.2021.

Шчыра запрашаем!