У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 28 снежня а 17-й гадзіне адкрываецца выставачны праект «Другое нараджэнне. Рэканструкцыя яўрэйскай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея ў 20–30-х гг. ХХ ст.». Праект падрыхтаваны ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музеем гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
20 студзеня 1919 г. у Мінску быў адчынены абласны музей, які з цягам часу, а менавіта 31 жніўня 1923 г., быў рэарганізаваны ў Беларускі дзяржаўны музей (БДМ). Праз год на яго пляцоўцы пачаў працаваць новы, унікальны яўрэйскі аддзел. Дзейнасць яго была нядоўгай, але паспяховай і фактычна завяршылася пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Далей – ужо гісторыя…
У 2019 г. у фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны быў перададзены шэраг прадметаў. Дзякуючы ўліковым нумарам, якія на іх захаваліся, удалося вызначыць, што прадметы паходзяць з даваеннага збору Беларускага дзяржаўнага музея. Сярод перададзенага – дваццаць два прадметы мелі дачыненне да яўрэйскай культуры.
У той самы час з Ізраільскага музея (г. Іерусалім) прыйшло паведамленне, што ў іх зборы знаходзіцца музейны прадмет «Кабалістычны амулет», на якім прысутнічае нумар і штамп БДМ. Бясспрэчна тое, што гэты прадмет – са збору Беларускага дзяржаўнага музея. Падзея дала штуршок для распачынкі наступных пошукаў, дзякуючы якім і знайшліся яшчэ дзесяць музейных прадметаў з нумарамі і штампамі БДМ.
Пра вынікі гэтай «дэтэктыўнай» гісторыі можна будзе дазнацца на выставачным праекце «Другое нараджэнне. Рэканструкцыя яўрэйскай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея ў 20–30-х г. ХХ ст.». Наведвальнікі пабачаць рэдкую для Беларусі калекцыю тасаў (шчыткі для скрутка Торы) ХІХ ст.; ханукальную свяцільню ХVIII ст.; унікальны арон а-кадэш (сінагагальны каўчэг для скруткаў Торы) ХVIII ст. з Узлянскай сінагогі (Мінская вобл.); карціны вядомага беларуска-яўрэйскага мастака-жывапісца Юдэля Пэна; графіку Янкеля Кругера; дакументы ўнутранага абароту БДМ 20–30-х гг. ХХ ст. і шмат яшчэ чаго цікавага.
Музей працуе: з 11.00 да 19.00
Без выхадных
Каса працуе: 11.00 – 18.30
Уваход наведвальнікаў: 11.00 – 18.30
Для дарослых:
Агляд экспазіцыі – 10 бел.руб.
Экскурсія – 30 бел.руб.
Для студэнтаў дзённай формы навучання:
Агляд экспазіцыі – 8 бел.руб.
Экскурсія – 25 бел.руб.
Для школьнікаў і навучэнцаў ССНУ:
Агляд экспазіцыі – 5 бел.руб.
Экскурсія – 15 бел.руб.
Для пенсіянераў:
Агляд экспазіцыі – 5 бел. руб.
Экскурсія – 15 бел.руб.
вул. К. Маркса, 12, Мінск, 220030, Рэспубліка Беларусь
+375 17 3237665 (прыёмная)
+375 17 3748322
+375 17 3654827
histmuseum@histmuseum.by
Навукова-метадычны аддзел
office@histmuseum.by
Прыёмная музея