Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Быў, ёсць, буду…»

  • 11.01.2021

11 студзеня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працу выстаўка да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна «Быў, ёсць, буду…»

Уладзімір Мулявін (12.01.1941 – 26.01.2003 гг.) – выбітны беларускі артыст, кампазітар, заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».

Творчую дзейнасць у Беларусі пачаў у 1962 г. У 1969 г. становіцца мастацкім кіраўніком створанага ім ансамбля «Песняры» (першапачатковая назва – «Лявоны»). Творчасць гэтага славутага калектыву аб’яднала нацыянальную паэтычную фальклорную спадчыну ў адзіную плынь з меладызмам, сучасным для кожнага часу, адкрыла новы накірунак беларускага эстраднага мастацтва.

Важнай асаблівасцю дзейнасці У. Мулявіна з’яўляецца яднанне вакалу, інструментальнай музыкі і паэзіі. Сярод найбольш значных твораў – «Песня пра долю», вакальны цыкл «Я не паэта…», музычны спектакль «Ва ўвесь голас» паводле паэмы У. Маякоўскага і інш. Талент артыста даў новае жыццё беларускім народным песням «Касіў Ясь канюшыну», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка».

Творчасць і імя Уладзіміра Мулявіна шырока вядомыя за межамі Беларусі: ён разам з калектывам пабываў у многіх краінах свету, дзе слухачы і гледачы захапляліся канцэртамі ансамбля. Пясняр удастоены звання народнага артыста Беларусі і СССР, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, неаднаразова станавіўся лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў. У Маскве на «Алеі зорак» ззяе яго зорка.

Выстаўка «Быў, ёсць, буду…» уключае ўнікальныя экспанаты з фондаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі: нотныя рукапісы У. Мулявіна; фотаздымкі; эскізы касцюмаў Юрыя Піскуна і Вольгі Дзёмкінай; канцэртныя строі «Песняроў»; магнітную стужку з рабочым варыянтам сумеснай працы «Песняроў» пад кіраўніцтвам У. Мулявіна з групай «The New Christy Minstrels».

Выстаўка з’яўляецца сумесным праектам з Музеем У. Г. Мулявіна Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Фонды музея прадстаўляюць на выстаўцы некалькі касцюмаў знакамітага артыста, а таксама буклеты, праграмы канцэртаў і аўтабіяграфію вядомага творчага дзеяча Беларусі. Для наведвальнікаў будуць гучаць кампазіцыі «Песняроў», паказаны відэа з канцэртаў.

Наведванне выставы дасць магчымасць яшчэ раз дакрануцца да адметнай творчасці Уладзіміра Мулявіна, прайсці зорнымі шляхамі вядомага ансамбля «Песняры».

г. Мінск, пер. Музычны, 5

Штодня з 10.00 да 17.30

тэл. (017) 326-26-67

theatre.histmuseum.by