Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць”

  • 22.02.2021

З 22 лютага па 22 сакавіка 2021 года ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці” праходзіць выстава “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць”.

У 1999 годзе на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове Народнай Рэспублікі Бангладэш 21 лютага было абвешчана Міжнародным днём роднай мовы. Мэта свята – прыцягненне ўвагі да моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаепамаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

У Беларусі дні роднай мовы пачалі ладзіць у 2009 годзе.

З гэтай нагоды ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці прадстаўлена часовая экспазіцыя “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць”, прысвечаная гісторыі развіцця і станаўлення беларускай мовы, а таксама яе выкарыстання ў літаратуры і музыцы.

Матэрыялы, прадстаўленыя ў часовай экспазіцыі, адлюстроўваюць шляхі і ўмовы станаўлення і развіцця беларускай мовы ў якасці адной з дзяржаўных моў сучаснай Беларусі, а таксама яе ролю ў беларускай культуры XIV–XXI стагоддзяў.

У экспазіцыі прадстаўлены афіцыйныя дакументы, кніжныя выданні вядомых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, газеты “Наша доля”, “Наша Ніва”, “Звязда”, “Чырвоная змена”, “Літаратура і мастацтва”, “Настаўніцкая газета”, часопісы “Маладняк”, “Узвышша”, “Алеся”, “Вожык”, партрэты вядомых беларускіх пісьменнікаў, этнаграфічная карта Я. Ф. Карскага 1921 г. выдання, нотнае выданне “Песні на словы Янкі Купалы” 1962 г., нотныя лісты, фотаздымкі, плакаты і іншае.

Асаблівая каштоўнасць экспазіцыі – унікальныя прадметы, прадстаўленыя Прэзідэнцкай бібліятэкай і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, якія выступілі ўдзельнікамі выставачнага праекта.

Экспазіцыя “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць” адрасавана ўсім катэгорыям наведвальнікаў. Асабліва яна будзе цікава для навучэнцаў сярэдніх і вышэйшых ступеняў адукацыі.

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці

Адрас: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 38, 4 пад'езд

Тэлефон для даведак: 8 (017) 234 01 52, email: msbg@tut.by