Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Аўтамабіль на далоні"

  • 14.01.2016

14 студзеня 2016 г. у аддзеле "Гасцёўня Уладзіслава Галубка" філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Музей гісторыі музычнай і тэатральнай культуры" адкрыецца выстава "Аўтамабіль на далоні".

Выстава унікальнай калекцыі мініяцюрных аўто мадэляў "Аўтамабіль на далоні" ахоплівае мінулае і сучаснасць расійскага і савецкага аўтамабілебудавання. Больш за 700 дакладных мініяцюрных мадэляў–копій здзіўляюць сваёй разнастайнасцю. І чаго толькі няма ў мініяцюрным выставачным аўтапарку! Тут і мадэлі аўтамабіляў, якімi выкарыстоўваліся расійскі імператар Мікалай II, Іосіф Сталін, Мікіта Хрушчоў, Леанід Брэжнеў, і легендарныя Кацюшы, і палутаркі, і знакаміты "Фердынанд" Жеглова і Шарапава.

На выставе прадстаўлены аўтамабілі, якія ўжываліся і ўжываюцца ў розных галінах народнай гаспадаркі. Сярод экспанатаў – велікагрузы, аўтобусы, пажарныя, медыцынскія, ваенныя, міліцэйскія аўтамабілі, у тым ліку, так званыя, "канарэйкі". Асаблівую цікавасць уяўляюць калекцыі спецыяльнай тэхнікі: аўтамабілі ВАІ, Дзяржаўтаінспекцыі, Дзяржпалявінспекцыі.

Прыцягваюць увагу рэдкія асобнікі рознай будаўнічай тэхнікі (трактары, пагрузчыкі, самазвалы, бульдозеры, экскаватары, цыстэрны рознага прымянення і многае іншае). Вялікую цікавасць выклікаюць таксама шматлікія мадыфікацыі аўтамабіляў КАМАЗ, ЗіЛ, а таксама мадэлі іншых вядомых аўтамабіляў і грузавікоў ГАЗ, КРАЗ, УРАЛ, МАЗ, БелАЗ і г.д.

Асобна ў экспазіцыі "прыпаркаваліся" аўтамабілі газавай, паштовай, камунальнай, дарожнай службаў, аэрапорта і іншых ведамстваў.

На выставе можна не толькі візуальна азнаёміцца з прадстаўленымі экспанатамі, але і даведацца шмат цікавых фактаў з гісторыі стварэння і развіцця аўтамабілебудавання. Так, сярод ваеннай тэхнікі ёсць такія мадэлі, якія могуць выкарыстоўвацца ў мірных мэтах. Напрыклад, ЗІЛ 131 НВ. Гэта мабільная "пякарня", якая ў суткі можа спячы 2000 боханаў. Прычым можа рабіць гэта на хаду. Машына выкарыстоўваецца на буйных ваенных вучэннях. А газадынамічная машына – сапраўдная дзіва, бо яна працавала на дровах. Выдатак паліва – 50 кілаграмаў бярозавых калодачак на 100 кіламетраў. Большасць машын ужо не сустрэнеш на вуліцах нашых гарадоў.

Экспанаты выкананы ў міжнародным і агульнапрызнаным маштабе 1/43. Частка з іх з'яўляецца вынікам карпатлівай ручной працы, астатнія – калекцыйныя мадэлі фабрычнай вытворчасці абмежаванага выпуску.

Падарожжа ў свет аўтамабіляў будзе цікавым і пазнавальным! Кожны знойдзе для сябе аб'ект для сузірання!

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г.Мінск, вул. Старавіленская, 14

Аўторак–нядзелю з 09.00 да 17.30

Каса: з 9.00 да 17.00

Тэл. для даведак: (017) 286–74–03

www.histmuseum.by