Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Беларусы.by” адкрылася ў Санкт-Пецярбургу

  • 09.02.2015

6 лютага у Расійскім этнаграфічным музеі (г. Санкт-Пецярбург) адкрылася выстава “Беларусы.by”, арганізаваная Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь сумесна з РЭМам. Праект ажыццяўляецца ў адказ на экспанаванне выставы Расійскага этнаграфічнага музея "Белая Русь і яе суседзі" у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь ў 2013 – 2014 гг.

Выстава “Беларусы.by” сканцэнтруе ўвагу на тых адметнасцях матэрыяльнай культуры, якія з’яўляюцца характэрнымі для нацыянальнай тоеснасці і самаідэнтыфікацыі беларусаў. Яна адлюструе важнасць і ўнікальнасць існуючага музейнага збору як феномена збіральніцтва, культурнай з’явы ў цэлым. На выставе будуць прадстаўлены здабыткі нацыянальнай гісторыі, традыцый, матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі на прыкладзе матэрыялаў этнаграфічных даследаванняў, якія праводзіліся супрацоўнікамі музея ў ХХ ст.

Дамінантай выставы стане экспанаванне народнага адзення як найбольш яскравай часткі матэрыяльна-культурнай спадчыны беларускага народа і вырабаў хатніх рамёстваў і промыслаў: ткацтва, вышыўцы, карункапляцення, разьбы па дрэве, пляцення, медніцтва, ганчарства.

Сталае супрацоўніцтва паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Расійскім этнаграфічным музеем трывае ўжо больш за пяць гадоў. “Беларусы.by” стануць ужо трэцім супольным праектам музеяў за гэты час: апроч двух вышэйузгаданых выстаў, у 2010 – 2011 г. у Мінску была прадстаўлена супольная часовая экспазіцыя “Вернутыя імгненні: Яўрэі царскай Расіі”.

Выстава “Беларусы.by” будзе працаваць да 22 сакавіка.