Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Плакаты часоў Вялікай Айчыннай вайны са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

  • 26.04.2016

3 26 красавіка па 26 мая 2016 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе праходзіць выстава плакатаў часоў Вялікай Айчынная вайны.

Савецкія мастакі з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ўключыліся ў барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў, ажыццяўляючы заклік «Усё для фронту, усё для перамогі!». Яны славілі гераічныя подзвігі савецкіх людзей на франтах і ў тыле, натхнялі іх на новыя працоўныя здзяйсненні і тым самым наносілі адчувальныя ўдары па ворагу, набліжалі час перамогі.

Плакат Вялікай Айчыннай вайны – адна з самых запамінальных і яскравых мастацкіх падзей культуры ХХ ст. Яго высокі патрыятычны пафас шмат у чым тлумачыцца прафесіяналізмам савецкіх мастакоў-плакатыстаў, іх уменнем гаварыць сродкамі плакатнай графікі.

На працягу ўсіх гадоў Вялікай Айчыннай вайны тэмы ў савецкага палітычнага плаката заставаліся нязменнымі: моц савецкага народа, гераізм простага савецкага чалавека, адзінства фронту і тылу, выкрыццё звярынага твару фашызму.

На выставах прадстаўлены плакаты, выдадзеныя ў Беларусі (“Раздавім фашысцкую гадзіну”), Расіі, Украіне. Яны даюць магчымасць адчуць маштаб трагедыі і подзвіг пакалення шматнацыянальнай дзяржавы – выратаванне свету ад фашызму.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

Штодня з 11.00 да 19.00,

тэл. для даведак (017) 327 43 22, 226 05 32

histmuseum.by

327 30 06