Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Фотавыстава "Палешукі"

  • 16.05.2016

З 16 па 29 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе фотавыстава Наталлі Дораш "Палешукі".

Наталля Дораш нарадзілася ў горадзе Гродна ў 1952 годзе. Захаплялася фатаграфаваннем яшчэ ў юныя гады. Яна – ветэран народнага фотаклуба "Горадня", удзельніца шматлікіх клубных выстаў. Яе фатаграфіі адзначаліся дыпломамі і ўзнагародамі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, персанальныя фотавыставы праходзілі ў Гродне, Маскве, Мінску. Наталля працягвае займацца фатаграфіяй, друкуецца ў часопісах, з’яўляецца аўтарам фотаблога рэгіянальнай газеты "Вечаровая Горадня".

У 18 гадоў Наталля стала пазаштатным фотакарэспандэнтам абласной газеты, атрымаўшы навыкі фотажурналістыкі ў дасведчаных калег. Далейшая прафесійная дзейнасць Наталлі злучана з фатаграфіяй і журналістыкай. У сярэдзіне 70–х гадоў падчас вучобы ў БДУ на факультэце журналістыкі Наталля пазнаёмілася са студэнтам юрфака, выйшла за яго замуж. Пасля вяселля яны разам паехалі на малую радзіму мужа ў вёску Букча Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Першыя ўражанні пра гэты старажытны Тураўскі край і яго карэнных жыхароў ляглі ў аснову 37–гадовага цыкла фатаграфій пра палешукоў.

Кожны раз, калі яна прыязджала ў вёску наведаць бацькоў мужа, здымала іх по–быт, сялянскую працу, сама прымала ўдзел у нарыхтоўцы сена, зборы ягад і грыбоў, ездзіла на рэчку Колак лавіць рыбу, пасябравала з вясковай дзятвой. Душэўная адкрытасць, дабрыня і ветласць – гэтыя чалавечыя якасці жыхароў Палесся, якія жывуць у гармоніі з акаляючай іх прыродай, яе натхнялі і дарылі творчую радасць. Здымак 1979 года "Дзедавы яблыкі" быў ёю пададзены на ўсесаюзную міжклубную фотавыставу "Свет сучасніка– 82" і заваяваў залаты медаль. Фотавыстава "Палешукі" складзена са здымкаў жыхароў вёскі Букча за перыяд з 1976 па 1985 гг.

Куратар праекта : Валерый Вядрэнка, фотамастак (г. Мінск).

Афіцыйнае адкрыццё фотавыставы "Палешукі" адбудзецца 16 мая ў 17.00

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Штодня з 11.00 да 19.00

Тэл .: 327–43–22, 226 05 32

226 05 32

histmuseum.by