Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Таямніцы часу XVIII-XIX cтст. (гадзіннікі ў інтэр'еры)"

  • 06.05.2016

Мастацкія кампазіцыі з гадзіннікамі захопліваюць уяўленне. Дзякуючы ім можна вывучаць мастацкія стылі і антычную міфалогію, прасочваць гістарычныя перамены, сузіраючы майстэрскі дызайн, які адлюстраўвае дасягненні навукова–тэхнічнай і прамысловай рэвалюцыі XVIII – XIX стст.

Камінныя гадзіннікі, карэтныя і кішэнныя, з ківачом, кансольныя і інш. – усе яны выкананы з мастацкай вытанчанасцю, што ставіць іх у адзін шэраг са скульптурай. Вылучаюцца гадзіннікі ў тэхніцы буль, да стварэння якой меў дачыненне прыдворны мэбельшчык Людовіка XIV – Андрэ Шарль Буль (1642 – 1732). Ён ўдасканаліў тэхніку і лічыцца першым майстрам, які ўключыў бронзавую скульптуру ў афармленне гадзіннікаў з ківачом. Стыль пры кіраванні Людовіка XIV складае агульны мастацкі напрамак – барока, які размаўляе з гледачом мовай алегорый і сімвалаў.

Пры кіраванні Людовіка XV (1715 – 1774) гадзіннікі з ківачом канчаткова робяцца часткай інтэр’еру. Кансоль, на якой яны мацаваліся, з часам становіцца часткай корпуса, і з'яўляюцца гадзіннікі, названыя "картэль" (фр.м. "таблічка", "картка"). Картэлі сталі часта праектавацца архітэктарамі, як неад'емная частка інтэр'еру.

Дзівяць сваім дэкорам камінныя гадзіннікі XVIII – XIX стст. У Францыі яны атрымліваюць пышныя строі, якія ўвасобілі дасягнення мастакоў, скульптараў, і становяцца візітнай карткай краіны. У шэрагу французскіх камінных гадзіннікаў самыя выдомыя – гадзіннікі з міфалагічнымі і гістарычнымі постацямі. Выдзяляюцца гадзіннікі з алегарычнымі выявамі Афрыкі і Амерыкі, серыя Добрыя дзікуны.

У час кіравання Лізаветы Пятроўны (1742 – 1762) французская мастацкая бронза, у тым ліку і гадзіннікі, прывозіліся ў Расію для ўпрыгожвання царскіх палацаў.

У 1760 – 1770–ых, у перыяд неакласіцызму з'яўляюцца гадзіннікі са мноствам фігурак – геніяў, акружаных атрыбутамі, якія ўвасабляюць мастацтва і навуку.

Арыгінальныя канструкцыі гадзіннікаў з'явіліся падчас кіравання Дырэкторыі ў Францыі (1794 – 1799). З'яўляюцца гадзіннікі з "аголенымі" механізмамі – гадзіннікі механістычнага дызайну.

У эпоху Ампіру з'яўляецца цэлая лінія гадзіннікаў з урачыстымі, манументальна–гераічнымі кампазіцыямі, насычаная ваеннымі трафеямі, выявамі герояў і адпаведнай атрыбутыкай. Ампір, народжаны ў Францыі, незвычайна яскрава выявіў сябе ў Расіі пач. XIX ст., і стаў галоўным стылем.

У другой чвэрці XIX ст., са з'яўленнем невялікіх пакояў, з камінамі, якія сталі тапіцца не дровамі, а вуглём, камінныя гадзіннікі таксама паменшыліся ў памерах. Гэта дазволіла "не па правілах" ставіць іх на камоды, шафы, сталы.

Далейшае развіццё атрымліваюць гадзіннікі з гістарычнымі сцэнамі, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць.

На выставе прадстаўлены розныя мадэлі гадзіннікаў: ад ранніх мадэляў з ківачом пач. XVIII ст., да індустрыяльных гадзіннікаў XX ст.

Наш адрас: г. Мінск (Верхні горад),

Музычны завулак, 5

Тэлефон для даведак 220–26–67