Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Сула. Непарыўнае"

  • 18.05.2016

У межах Года культуры 18 мая 2016 года а 17–й гадзіне Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь урачыста адкрывае арт–прастору ў дворыку музея і прэзентуе выставу фотамастака Марыны Бацюковай "Сула. Непарыўнае".

Арт–праект працягвае традыцыю, закладзеную 2 гады таму пад назваю "Стары новы двор". Сёння ён напаўняецца новым зместам: гэта спалучэнне архітэктуры, фотамастацтва і мастацтва медыя. У панараму гарадскіх будынкаў пачатку ХХ стагоддзя ўдала ўпісаліся шырокафарматныя каляровыя фотаздымкі, прысвечаныя вясковаму абраду "Ваджэнне і пахаванне стралы". Архітэктурныя формы нібы ажылі дзякуючы сакавітым выявам сялянскіх тыпажоў. Эфект прысутнасці падчас абраду ўзмоцнены музычным суправаджэннем калектыву "Талака", дэманстрацыяй адмысловай дакументальнай кінастужкі.

На выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі Марыны Бацюковай, якая даследавала жыццё ў вёсках Неглюбка і Стаўбун Гомельскай вобласці падчас свята – абраду "Ваджэнне і пахаванне стралы (Сулы)". Марына Бацюкова з’яўляецца спецыялістам ў галіне дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Асноўныя тэмы фота–даследаванняў – штодзённасць, псіхалагічны стан асобы, стасункі чалавека

з навакольным асяроддзем і паводзіны чалавека ў грамадстве.

Абрад "Пахаванне стралы (сулы)" звязаны з зямлёй, яе ўрадлівасцю, скіраваны на ўміласціўленне прыроднай стыхіі – маланкі–стралы. Традыцыя свята пакаленнямі застаецца нязменнай: жыхаркі вёскі прыбіраюцца ў нацыянальныя строі, спяваюць і ідуць насустрач адзін адному з розных бакоў вёскі, пакуль не самкнуцца ў адным карагодзе, ідуць, бесперапынна спяваючы да жыта. Нібы ткуць ручнік – дарогу радасці ды шчасця і дабрабыту. Водзяць карагоды і спяваюць, потым закопваюць у зямлю "Сулу" – хаваюць цёмную сілу разбурэння, пераўтвараючы ў дабро, багацце і поспех. Збіраюць абярэгі – каласкі, падаюць і катаюцца ў жыце, убіраючы ў сябе моц і здароўе.

Абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы" ўключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека і з’яўляецца нематэрыяльнай гісторыка–культурнай каштоўнасцю Беларусі.