Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "... А ўсмешка засталася"

  • 16.06.2016

16 чэрвеня ў 18–00 у выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Дзяржаўнай установы "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь" – адбудзецца прэзентацыя перасоўнай выставы, створанай на аснове матэрыялаў новага беларускага анімацыйнага фільма "Марк Шагал. Пачатак".

На выставе прадстаўлены разнастайныя эскізы да мультфільма "Марк Шагал. Пачатак" (студыя анімацыйных фільмаў Нацыянальнай к/с "Беларусьфільм", рэжысёр Алена Пяткевіч), якія адлюстроўваюць творчы пошук аўтараў, асноўныя этапы іх працы – раскадроўка (выяўленчы канспект будучага фільма), падрыхтоўчыя эскізы да фільма з цытатамі з аўтабіяграфічнай кнігі "Марк Шагал. Маё жыццё", стылявыя эскізы і, нарэшце, кадры з фільма.

Аўтары – мастак–пастаноўшчык Ала Мацюшэўская і мастачкі Інга Карашкевич і Таццяна Удавічэнка – імкнуліся патрапіць у стыль Марка Шагала, перадаць яго каляровую гаму так, каб персанажы, прадметы інтэр'еру, а таксама асновы для фонаў фільма перадавалі атмасферу яго твораў.

Эскізы выконваліся на адмысловай плёнцы (ацетат) тэмпернымі фарбамі. Затым выявы сканаваліся, разразаліся, кампанаваліся і аніміраваліся. Так ствараўся свет, у якім ажылі героі гэтага фільма.

Ўражанне–адчуванне аўтараў, якое засталося ад працэсу працы над фільмам "Марк Шагал. Пачатак", – унутраная ўсмешка. Усмешка, светлая энергетыка, радасныя эмоцыі саграваюць знутры, дапамагаючы ўнутранаму сонцу сьвяціць ўсё ярчэй, натхняючы на пошук новых творчых ідэй і іх далейшае ўвасабленне.

Сама ж назва выставы "... А ўсмешка засталася" – навеяна кнігай "Кот сышоў, а ўсмешка засталася" рэжысёра "культавых" фільмаў Георгія Данелія. Яго нягучныя апавяданні, мудрыя і лаканічныя, пра жыццё, сяброўства і кіно выклікаюць і смех, і цень лёгкага суму – як і само жыццё.

Аўтарам вельмі хацелася, каб прадстаўленае на выставе падарыла усім гледачам адчуванне святла, цяпла і радасці.

У рамках спецыяльных паказаў наведвальнікі выставы стануць аднымі з першых гледачоў па–свойму унікальнага мультфільма.

У праграме прэзентацыі:

1. Прадстаўленне выставы мастаком–пастаноўшчыкам Алай Мацюшэўскай.

2. Паказ анімацыйнага фільма "Марк Шагал. Пачатак".

3. Сустрэча з рэжысёрам карціны Аленай Пяткевіч.

Праграму вядзе – культуролаг Іна Шейхатовіч.

Адрас: г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Тэл. для даведак: 327 10 75; (029) 627 10 75