Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава фотаработ Льва Дашкевіча

  • 22.06.2016

22 чэрвеня 2016 года а 17–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя выставы фотаработ Льва Дашкевіча "Святло і цень" і яе ўрачыстая перадача ў фонды музея.

У межах афіцыйнага візіту міністра аліі і абсорбцыі Ізраіля, старшыні таварыства беларуска–ізраільскага сяброўства Софы Ландвер адбудзецца перадача ў дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею фотавыставы "Святло і цень", якая праходзіла ў Іерусаліме ў красавіку 2016 года.

Творчая спадчына выбітнага беларуса Льва Урбанавіча Дашкевіча (1882–1957) уражвае глыбінёй і значнасцю. Яго даследчая і асветніцкая дзейнасць ахоплівае многія сферы культуры і навукі. У галіне фатаграфіі Дашкевіч праявіў сябе як своеасаблівы майстар, тонкі мастак, яго тэхнічны ўзровень прымушае ўзгадаць геніяў Адраджэння, якія нашмат апераджалі свой час.

Вяртанне Льва Дашкевіча ў пантэон класікаў, у духоўную культуру Беларусі звязана з сур’ёзнай і глыбокай працай навукоўцаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя персанальнай выставы Льва Дашкевіча ў Іерусаліме (Ізраіль, галерэя "Дом іерусалімскай якасці", аўтар ідэі і прадзюсер – Алік Замосцін) стала першай буйной акцыяй па папулярызацыі творчасці гэтага цудоўнага фотамастака за мяжой.

Фатаграфіі былі рэканструяваны. Унікальную працу па аднаўленні фатаграфічнай спадчыны майстра выканаў ізраільскі фатограф, дасведчаны знаўца стыляў фотамастацтва, спецыяліст у галіне хімічных ды іншых узнаўляльных тэхнік Барыс Равіч. Уся адроджаная калекцыя перадаецца ў дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь.

Апроч таго, гэтая выстава сведчыць пра асаблівы этап развіцця культурных сувязяў паміж Беларуссю ды Ізраілем, момант адмысловых гістарычных паваротаў ды ўзаемадзеянняў.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

тэл. 327 30 06, 327 43 22