Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прэзентацыя выставы "З любоўю да Беларусі"

  • 15.07.2016

15 ліпеня 2016 года ў 14.30 у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адбудзецца прэзентацыя выставы "З любоўю да Беларусі" са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Выстава "З любоўю да Беларусі" ўяўляе калекцыю падарункаў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, ураду і беларускаму народу ад замежных гасцей, кіраўнікоў замежных дзяржаў, і, тым самым, апавядае аб дасягненнях Беларусі ў галіне знешняй палітыкі, яе аўтарытэце на міжнароднай арэне.

Экспанаты выставы ўваходзяць у адзін з раздзелаў Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, які адкрыўся ў чэрвені 2012 года з удзелам Кіраўніка дзяржавы.

Беларусь сёння – гэта суверэнная еўрапейская дзяржава, якая праводзіць самастойную, міралюбівую знешнюю палітыку, актыўна развівае супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, уносіць істотны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і стабільнасці. Геапалітычнае становішча нашай краіны абумоўлівае шматвектарную знешнюю палітыку: Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 174 краінамі свету і на сённяшні дзень прадстаўлена замежнымі ўстановамі ў 56 дзяржавах.

Неад'емным атрыбутам дыпламатычнай этыкі і міждзяржаўнага дыялогу з'яўляюцца падарункі, паднесеныя краіне і яе народу. Падарунак (дар) – адна з самых старажытных праяў культуры. З часоў зараджэння дзяржаўнасці падарункі з'яўляюцца найважнейшым элементам дыпламатыі, яны сімвалізуюць паглыбленне і ўмацаванне дружбы, з'яўляючыся выразам падзякі, добрай волі.

Уражвае геаграфія падарункаў. На выставе можна азнаёміцца з рэдкімі ўзнагародамі: прэміяй А.Г. Лукашэнка "Чалавек года" за ўстанову ЕўрАзЭС і Мытнага саюза, сербскім ордэнам святога Савы. Сярод памятных сувеніраў – фрагмент корпуса расійскай падводнай лодкі "Курск", сімвалічны "залаты" ключ ад амерыканскага горада Хаялія, макет кітайскага касмічнага спадарожніка, залаты дыск з выявай фрагмента барабана культуры Донгшон з В'етнама. У экспазіцыі – творы выяўленчага і дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва, пано з копіямі скіфскіх упрыгожванняў IV стагоддзя да н.э., бронзавая фігурка птушкі з Славеніі, мініяцюрныя кніжныя выданні і многае іншае. Погляду наведвальнікаў прадстаўлены і імператарскі фарфор ад Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Ў.У.Пуціна, і статуэтка скакуна ад Прэзідэнта Туркменістана Г.М.Бердымухамедова.

Адрас: г. Віцебск, Ратуша, вул. Леніна, 36,

тэл. для даведак 8 (212) 36 05 87.