Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Фотавыстава "Агароднінны кірмаш"

  • 06.09.2016

З 6 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу выстава "Агароднінны кірмаш" беларуска–канадска–ізраільскага фотамастака Аліка Замосціна. Нядаўна яна дэманстравалася ў Віцебску, дзе была ўключана ў афіцыйную праграму міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар".

Гародніна, фрукты¸ збан, завялы букет, планетарны лімон, надрыўны крык разрэзанага перцу, ідылія маркоўнага багацця, адзінокая бульбіна, "інтэрнат" агуркоў у банку, трапятанне кніжных старонак – вось героі фотанавел Аліка Замосціна. Людзі могуць прымеркаваць сюжэты гэтых фатаграфій да сябе. Могуць пастарацца расшыфраваць таемныя знакі гэтых вытанчаных, смешных, сумных здымкаў.

"Вы не здымаеце фатаграфію, вы ствараеце яе" – у прароцкай фразе выдатнага майстра фотамастацтва Ансела Адамса чуецца запавет. Знакаміты здымак Адамса "Ружа і бервяно" пацвярджае гэтую думку. "Кірмашовы" цыкл Замосціна – той жа прыроды. З той жа крыніцы.

Персанальная выстава работ фотамастака Аліка Замосціна нібы вырастае з сусветнай класікі фатаграфіі і развівае лінію арыгінальнага творчага пошуку. Гісторыя назіранняў і ўсмешак, гумарэсак і шчырых дыялогаў, якая атрымала назву "Агароднінны кірмаш", падобная на гульню і карнавал. Яна звернутая да эмоцый, пачуццю гумару і заўсёднай звычцы людзей бачыць скрозь і ўсюды сябе, свае прататыпы.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул.К.Маркса, 12

Тэл .: 327–43–22