Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "КІНАРЭЖЫСЁР ЯНІС СТРЭЙЧ: ФІЛЬМЫ, ЛЮДЗІ, ЭПОХІ"

  • 04.11.2016

Напярэдадні адкрыцця ХХІІІ Мінскага МКФ "Лістапад–2016" у якасці часткі яго культурнай праграмы 03 лістапада ў 17–00 ў Музеі гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4; тэл. 327–10–75) – філіяле ДУ "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь" – адкрыецца выстава "ЯНІС СТРЭЙЧ: ФІЛЬМЫ, ЛЮДЗІ, ЭПОХІ", прысвечаная аднаму з ганаровых гасцей фестываля – класіку латышскага кіно.

У знак прызнання заслуг Я.Стрэйча 2016 год (год яго 80–годдзя) у свеце кіно Латвіі абвешчаны годам Яніса Стрэйча. З 1967 года, калі ён зняў сваю першую ігравую стужку "Гадзіннік капітана Энрыка" (сумесна з рэжысёрам Эрыкам Лацісам), і да 2010 года, калі на экраны выйшла "Спадчына Рудольфа", рэжысёр стварыў 22 фільма, напісаў нямала сцэнарыяў, здымаўся як акцёр у сваіх фільмах і ў іншых рэжысёраў.

У фільмах Я. Стрэйча захаваная эпоха, у якую яны былі створаны – у яркіх характарах, дэталях быту, запамінальных дыялогах. Кінамова рэжысёра ўключае розныя сродкі выказвання – тэатральную пастаноўку, кінасеанс, "фільм у фільме", анімацыю або візуалізацыю бачанняў герояў. Шырокае і кола тэм – ваенная драма, камедыя, дэтэктыў і іншыя.

На выставе прадстаўлены прыёмы кінамовы Я. Стрэйча, працэс здымак фільмаў, акцёры, з якімі рэжысёр часта працаваў (Вія Артмане, Яніс Паукштелло, Іварс Калныньш, Лiлiт Берзіня і інш.) і ролі самога Стрэйча ў яго стужках. Аўтары (куратар Зане Балчус, мастачка Даце Джериня) імкнуліся паказаць, што значыць бачыць, чуць, адчуваць кіно і час і адлюстроўваць гэта, знаходзячыся ў кадры або за кадрам; што гэта значыць – быць Аўтарам.

Выстава арганізавана ў рамках Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Латвійскай Рэспублікі і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2018 гады Рыжскім музеем кіно Акадэміі культуры Латвіі ў супрацоўніцтве з таварыствам "Экран" пры фінансавай падтрымцы Дзяржаўнага фонду "Культуркапітал" і Рыжскай Думы.

Выставе будзе спадарожнічаць рэтраспектыва з сямі пастаўленых Янісам Стрэйчам фільмаў, падрыхтаваная Нацыянальным кінацэнтрам Латвіі. Творчасць кінарэжысёра прадстаўлена па магчымасці рознабакова, каб ахапіць увесь спектр яго дзейнасці. Тут і самы папулярны яго кінафільм "Лімузін колеру белай ночы" (1982), які ўжо шматкроць перамагаў у глядацкіх галасаваннях розных гадоў, і самы папулярны тэлефільм Стрэйча "Тэатр" (1978), у якім бліскае зорка (калісьці ўсесаюзнага маштабу) Вія Артмане. Яна ж уражліва іграе галоўную ролю ў пасляваеннай драме "Чужыя страсці" (1983), якую сам рэжысёр лічыць лепшым сваім фільмам з пункту гледжання кінамастацтва, і кінакрытыкі схільныя ў гэтым пагадзіцца з ім.

У праграму паказаў у рамках выставы ўключаны таксама два фільмы, якія (кожны ў сваім родзе) былі першымі для Стрэйча. Гэта яркая "амаль–што камедыя" пра рэаліі савецкага абсурду "Мой сябар – чалавек несур'ёзны" (1975), дзе Стрэйч па–сапраўднаму адбыўся як кінарэжысёр. І фільм "Дзіця чалавечае" (1991) – першы, які быў зняты ў ізноў незалежнай Латвіі, і першы, які Латвія вылучыла ў якасці прэтэндэнта на прыз амерыканскай кінаакадэміі "Оскар" у катэгорыі Best Foreign Language Film.

Праграму храналагічна завяршаюць два самых новых фільма Яніса Стрэйча. Іранічныя "Восеньскія ружы" (2004) прадстаўляюць "відэаперыяд" творчасці рэжысёра ў пачатку XXI стагоддзя. А этнаграфічная "Спадчына Рудольфа" (2010), пакуль апошні яго фільм, паказвае сталага і сучаснага майстра ў сваёй лепшай форме.

У дзень адкрыцця выставы (па заканчэнні ўрачыстай цырымоніі з удзелам Яніса Стрэйча) па жаданні кінарэжысёра будзе паказана карціна "Спадчына Рудольфа" (2010)

Далей паказы будуць ажыццяўляцца па наступным раскладзе:

12.11 (субота) у 15–00 – "Мой сябар – чалавек несур'ёзны" (1975)

13.11 (нядзеля) у 15–00 і 18–00 – "Тэатр" (1978)

16.11 (серада) у 15–00 – "Лімузін колеру белай ночы" (1982)

18.11 (пятніца) у 15–00 – "Чужыя страсці" (1983)

19.11 (субота) у 15–00 – "Тэатр" (1978)

20.11 (нядзеля) у 15–00 і 18–00 – "Дзіця чалавечае" (1991)

23.11 (серада) у 15–00 – "Восеньскія ружы" (2004)

25.11 (пятніца) у 15–00 – "Спадчына Рудольфа" (2010)

26.11 (субота) у 15–00 – "Тэатр" (1978)

27.11 (нядзеля) у 15–00 і 17–30 – "Чужыя страсці" (1983)

30.11 (серада) у 15–00 – "Мой сябар – чалавек несур'ёзны" (1975)

02.12 (пятніца) у 15–00 – "Дзіця чалавечае" (1991)

03.12 (субота) у 15–00 – "Чужыя страсці" (1983)

04.12 (нядзеля) у 15–00 і 17–30 – "Лімузін колеру белай ночы" (1982)

07.12 (серада) у 15–00 – "Восеньскія ружы" (2004)

09.12 (пятніца) у 15–00 – "Спадчына Рудольфа" (2010)

10.12 (субота) у 15–00 – "Тэатр" (1978)

11.12 (нядзеля) у 15–00 і 17–30 – "Спадчына Рудольфа" (2010)

УВАГА! Адкрыты папярэдні продаж квіткоў на прагляды!

Адрас:

Музей гісторыі беларускага кіно; г. Мінск, вул. Свярдлова, 4;

тэл. для даведак і заказаў 327–10–75 / 8029 627–10–75

Час працы выставы:

Аўторак – нядзеля – з 10:00 да 19:00

Панядзелак – выхадны.

Кошт квіткоў на выставу:

1,5 руб. – Для дзяцей і школьнікаў.

2 руб. – Для студэнтаў, пенсіянераў.

2,5 руб. – Для ўсіх іншых катэгорый наведвальнікаў

Кошт квіткоў на відэапаказ:

1 руб. – Для дзяцей, школьнікаў і пенсіянераў.

1,5 руб. – Для студэнтаў.

2 руб. – Для ўсіх іншых катэгорый наведвальнікаў