Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Беларусь у Першай сусветнай вайне"

  • 15.12.2014

Выстава "Беларусь у Першай сусветнай вайне", арганізаваная Нацыянальным гістарычным музеем РБ, пасля экспанавання ў Мінску, накіравалася ў выставачнае тэрнэ па абласных гарадах Беларусі. Да 15 лютага 2015 г. экспазіцыйны праект будзе прадстаўлены ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.

Драматычная гісторыя Беларусі непарыўна звязана з самымі вядомымі і кровапралітнымі войнамі, якія вяліся на тэрыторыі Еўропы. Вайна 1914–1918 гг. – гэта гуманітарная катастрофа пачатку ХХ ст., якая закранула ўвесь свет. Усяго ў вайне ўдзельнічала 38 краін усіх кантынентаў з насельніцтвам больш за 1,5 млрд. чалавек.

Выстава арганізаваная Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь праводзіцца ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны. Экспазіцыя знаёміць з жыццём даваеннай Беларусі, ваеннымі дзеяннямі, якія праходзілі на тэрыторыі краіны, бежанствам, франтавым побытам, завяршальным этапам вайны. Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны ўшанаванню нашымі сучаснікамі памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Прадстаўленыя прадметы салдацкага побыту, узоры зброі і абмундзіравання, адзенне і прадметы медыцынскага прызначэння, фотаздымкі і дакументы, экспанаты, знойдзеныя археолагамі на месцах баявых дзеянняў.

Гэта вялікі праект тэрмінам у некалькі год, які мае на мэце ахапіць як мага болей зацікаўленых гледачоў і прадэманстраваць выставу ў буйнейшых гарадах краіны.

Выстава "Беларусь у Першай сусветнай вайне" арганізавана Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе", Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі, гісторыка-інфармацыйнага цэнтра "Белтэлекам", спецыялізаванай пошукавай роты Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Белінфільм, а таксама прыватных калекцыянераў.