Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Беларусь і беларусы" ў Нацыянальным культурным цэнтры Лаоса

  • 21.11.2016

Сябры! З радасцю паведамляем, што ў Нацыянальным культурным цэнтры Лаоса адкрываецца выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь - "Беларусь і беларусы".

Выстаўка – першы перасоўны праект, які спрабуе дасціпнай мовай распавесці аб асноўных этапах гістарычнага развіцця Беларусі, даць кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадставіць беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапаможа зразумець што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Асноўная мэта перасоўнай выставы – паказаць лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага і культурнага развіцця Беларусі, уласцівыя асаблівасці, а таксама прадставіць беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці. Выстава тэзісна адлюстроўвае гісторыю і культуру Беларусі, зыходзячы з пазіцый сучаснай гістарычнай навукі і адпавядае нацыянальным інтарэсам. Паказвае працэсы фарміравання і развіцця беларускага этнасу, нацыі, дзяржаўнасці; адлюстроўвае асаблівасці гістарычнага развіцця духоўных, матэрыяльных і культурных працэсаў і іх узаемасувязі з сусветнай гісторыяй і культурай; знаёміць сусветную грамадскасць з помнікамі гісторыка–культурнай спадчыны Беларусі

Выстаўка "Беларусь і беларусы" складаецца з 15 выставачных стэндаў з выявамі з банэрнага вінілу, на якіх размешчаны высокаякасныя тэматычныя выявы, фотаздымкі прадметаў, дакументаў, невялікія тлумачальныя тэксты на беларускай і англійскай мовах. Памеры панэляў – 85х200 см, вага адной канструкцыі разам з чахлом – не больш 3 кг.

Змест падзяляецца на два тэматычныя комплексы, адзін з іх прысвечаны гісторыі Беларусі, другі – культурным здабыткам. Падаецца кароткі гістарычны агляд, які закранае асноўныя этапы (старажытнасць, першыя дзяржаўныя ўтварэнні, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая. Расійская імперыя, Савецкая Беларусь, сучаснасць). Раскрываюцца асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці беларусаў (тэмы: прырода Беларусі, музычная культура і тэатр, традыцыі і святы, кухня і ежа, традыцыйны касцюм, мастацтва Беларусі, мова і літаратура, спорт).

Стэнды могуць расстаўляцца ў розных варыянтах, такім чынам, падстройвацца пад разнастайныя памяшканні.