Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Пліта "Геналагічнае дрэва роду Вайніловічаў"

  • 28.11.2016

Напярэдадні 60–годдзя Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь працягваем знаёміць аматараў гісторыі з яго фондавымі калекцыямі.

Калекцыя металу захоўвае ўнікальны артэфакт – пліту з выявай генеалагічнага дрэва роду Вайніловічаў. Яна адліта з бронзы ў Варшаве скульптарам Яноўскім на замову Эдварда Вайніловіча ў 1905 годзе.

Вайніловічы – адзін з самых старадаўніх шляхецкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўнікі якога займалі розныя пасады ў мясцовай адміністрацыі ВКЛ, мелі землеўладанні ў мазырскім, пінскім, навагрудскім паветах.

Эдвард Антоній Леанард Вайніловіч нарадзіўся ў 1847 годзе. Скончыў Слуцкую гімназію, затым вучыўся ў Пецярбургскім імператарскім тэхналагічным інстытуце. У радавым маёнтку Савічы арганізаваў сельскагаспадарчую працу з выкарыстаннем навейшых на той час тэхналогій. У 1888 годзе Эдварда Вайніловіча прызначылі віцэ–старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Ён тройчы выбіраўся ў расійскую Дзяржўаную думу, а ў 1906 годзе з’яўляўся членам Дзяржаўнага Савета Расіі ад Мінскай губерні.

На жаль, асабістае жыццё Эдварда Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі Узлоўскай было трагічным – заўчасна памерлі іх сын Сымон і дачка Алена. Эдвард Вайніловіч пісаў: «С когда–то сильного дерева моего рода опадала ветвь за ветвью, пока не остался один я, как ствол, приговоренный к вымиранию, как громом пораженный, которого уже ни одна весна не сможет возродить, – так хотел Бог». Такім чынам, выява на пліце зломанага рыцарам мяча сімвалізуе смерць роду па мужчынскай лініі.

У 1905 годзе ў Мінску на замову Эдварда Вайніловіча пачалося будаўніцтва касцёла, які атрымаў назву Чырвонага альбо святых Сымона і Алены. Сёння гэты аб'ект Дзяржаўнага спісу гісторыка–культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь – адзін з сімвалаў сталіцы.

У сакавіку бягучага года Каталіцкая царква ў Беларусі распачала працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча.