Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Стары куфар і прыгажуня ёлка"

  • 15.12.2016

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры запрашае 15 снежня а 16 – ай гадзіне на адкрыццё выстаўкі антыкварных ёлачных цацак і аксэсуараў “Стары куфар і прыгажуня ёлка”.

Наўрад ці ў кожнага з нас дома засталіся пацешныя ёлачныя шары і фігуркі Дзядоў Марозаў з ваты і пластыка. Запрашаем усіх, хто памятае сваё добрае савецкае дзяцінства і любімае ўсімі свята Новага Года, наведаць выстаўку ёлачных цацак "Стары куфар і прыгажуня ёлка". Абяцаем, што яркія, поўныя святла, хатняй утульнасці і цяпла цацкі не пакінуць вас і вашых дзяцей абыякавымі. А дарослыя наведвальнікі без сумненняў змогуць ўзгадаць сваё бесклапотнае дзяцінства і падзяліцца сваімі ўспамінамі з малодшым пакаленнем.

Мала хто з сучаснай моладзі памятае, што ў мінулым ёлачныя цацкі былі прыдатныя да яды: святочную ёлку ўпрыгожвалі арэхамі, прысмакамі, садавінай і гароднінай. Пазней, ў 1848 годзе шкловыдзімальшчыкі германскага горада Лауш навучыліся вырабляць першыя ёлачныя шары. У Расіі першае прадпрыемства, якое пачынае займацца вытворчасцю ёлачных упрыгожванняў, з'явілася ў пачатку 18 стагоддзя ў горадзе Клін. Заснавана яно было па загаду князя Меньшыкава.

Экспанаты для нашай выстаўкі прадаставіла выкладчык французскай мовы Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Наталля Кавалёва. Калекцыянер ставіць на мэце экспанаваннем сваёй калекцыі надаць чарадзейства шэрым будням, адкрыць акно ў свет дзяцінства для дарослых і паказаць дзецям гісторыю сваёй краіны, абудзіць цікавасць да творчасці.

Цацкі Наталля Анатольеўна пачала збіраць з 2009 года. За сем гадоў яе калекцыя папоўнілася трыма тысячамі адзінак. На выстаўцы будуць прадстаўлены цацкі самай разнастайнай тэматыкі: сімвалы савецкага мінулага і казачныя персанажы, расліны і жывёлы, космас і асвойванне Арктыкі. Акрамя гэтага, можна будзе ўбачыць і першыя цацкі з кардону, выпушчаныя ў пачатку мінулага стагоддзя, і ёлачныя ўпрыгожванні 1930–х гадоў з ваты, зробленыя спосабам ручной і верацённай намоткі.

Будуць прадстаўлены і рарытэтныя прадметы – самаробныя ўпрыгожванні ваенных часоў са шкла і дроту, цацкі беларускай вытворчасці, якія выпускаліся несерыйна. Наведвальнікі змогуць ўбачыць рэдкія цацкі з серыі "Чыпаліна" – сышчыка Маркоу, цацку з маскоўскай серыі "Гаспадыня меднай гары" – нявесту Данілы, Кацю.

У рамках выстаўкі плануецца правядзенне Каляднай забаўляльнай праграмы для дзяцей, якая будзе цікава і дарослым і дзецям. Рады бачыць усіх і кожнага на нашай выстаўцы.

Наш адрас: г. Мінск (Верхні горад),

Музычны завулак, 5

Тэлефон для даведак 220–26–67