Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Кастрычнік у фалерыстыцы"

  • 29.03.2017

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: "Дом–музей I з'езда РСДРП" з 29 сакавіка па 30 красавіка будзе дэманстравацца выстава "Кастрычнік у фалерыстыцы", якая падрыхтавана да стагоддзя кастрычніцкіх падзей у Мінску.

У год стагоддзя падзей 1917–га года, Дом–музей I з'езда РСДРП працягвае знаёміць наведвальнікаў з выставачнымі праектамі, якія прысвечаны перыяду рэвалюцыі. Тэма Кастрычніка знайшла адлюстраванне не толькі ў плакатнай графіцы, жывапісе, кінамастацтве, але і ў малюнках на значках і нагрудных знаках.

У Савецкім Саюзе некалькі дзесяткаў прадпрыемстваў займаліся выпускам значкаў і іншых нагрудных знакаў. Некаторыя выпускаліся вялікімі партыямі, наклад іншых абмяжоўваўся невялікай колькасцю, асобнікі якіх цяпер занесены ў каталог самых каштоўных прадметаў.

За ўсю гісторыю савецкай дзяржавы было выпушчана мноства рознатэматычных значкоў, у тым ліку з тэматыкай 1917 года, якія на сённяшні дзень сталі прадметамі калекцыянавання фалерыстаў усяго свету.

Фалерыстыка – гэта збіранне ордэнаў, медалёў, значкоў, любых нагрудных знакаў (у тым ліку ганаровых, юбілейных, аб заканчэнні навучальных устаноў і г. д.).

На выставе можна будзе ўбачыць некалькі дзясяткаў нагрудных знакаў і медалёў, юбілейных значкоў розных гадоў часоў СССР, а таксама адны з першых, якія былі выпушчаны ў першай палове ХХ стагоддзя: значок «Байцу Чырвонай гвардыі і чырвонаму патрыёту», медаль «Няхай жыве Свабода вялікага працоўнага народа », «За ўладу Саветаў» і шмат іншага.

Афіцыйнае адкрыццё для СМІ ў 16.00 29 сакавіка 2017 года

Дом–музей I з'езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31а

Штодня з 11.00 да 19.00, без выходных

Тэл. для даведак: 290–68–47

www.facebook.com/domusmuseum

www.vk.com/domusmuseum