Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Сула. Непарыўнае–2"

  • 21.04.2017

21 красавіка а 16–й гадзіне Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ўрачыста адкрывае выстаўку фотамастака Марыны Бацюковай "Сула. Непарыўнае–2".

Выстаўка з’яўляецца лагічным працягам арт–праекта “Сула. Непарыўнае”, які экспанаваўся ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Наведвальнікі атрымаюць магчымасць упершыню пазнаеміцца з чорна–белымі стужкавымі фотаздымкамі, прысвечанымі вясковаму абраду «Ваджэнне і пахаванне стралы». Эфект прысутнасці падчас абраду будзе ўзмоцнены музычным суправаджэннем калектыву "Страла" і дэманстрацыяй адмысловай дакументальнай кінастужкі.

Марына Бацюкова з’яўляецца спецыялістам ў галіне дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Асноўныя тэмы яе фота–даследаванняў – штодзённасць, псіхалагічны стан асобы, стасункі чалавека з навакольным асяроддзем і паводзіны чалавека ў грамадстве.

У сваёй новай працы, Марына Бацюкова даследуе жыццё ў вёсках Неглюбка і Стаўбун Гомельскай вобласці падчас унікальнага вяснавога свята – абраду “Пахаванне стралы (сулы)”.

Гэты абрад звязаны з зямлёй, яе ўрадлівасцю, скіраваны на ўміласціўленне прыроднай стыхіі – маланкі–стралы. Ён мае глыбокія архаічныя карані, жыхары вёсак і самі не ўзгадваюць з чаго ўсё пачалося. Але традыцыя свята пакаленнямі застаецца нязменнай: жанчыны прыбіраюцца ў нацыянальныя строі, збіраюцца разам і ідуць працэсіяй праз усю вёску, спяваючы рытуальныя («стрэльныя») песні. Яны рухаюцца да жыта, дзе закопваюць у зямлі “Сулу”, тым самым хаваючы цёмную сілу разбурэння, магічным вобразам пераўтвараючы яе ў дабро, багацце і поспех. Пасля гэтага ладзяць вясёлыя карагоды, працягваюць спевы, танчаць.

Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” ўключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека і з'яўляецца нематэрыяльнай гісторыка–культурнай каштоўнасцю Беларусі.

На адкрыцці выстаўкі будуць прысутнічаць ўдзельнікі XI Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання". Марына Бацюкова выступіць з дакладам “Мэдыямастацтва ў сучасным горадзе. Сацыяльны фотапраект "Сула. Непарыўнае" ў архітэктурнай прасторы Мінска”.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Адрас: г.Мінск, зав. Музычны, 5,

Штодня з 10.00 да 17.30

тэл. 220 26 67

theatre–museum.by

#dommasonay