Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Шлях зброі: ад клінка да карабіна"

  • 01.06.2017

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: "Дом–музей I з'езда РСДРП" з 1 чэрвеня па 6 жніўня 2017 года на выставе "Шлях зброі: ад клінка да карабіна" будуць дэманстравацца копіі гістарычнай зброі.

Зброя непадзельна звязана з усёй гісторыяй чалавецтва. Яшчэ ў каменным веку наш продак робіць першыя нажы з адзіных даступных яму матэрыялаў: костак і камення. З таго часу прайшло не адно стагоддзе, але людзі працягваюць рабіць зброю да гэтага часу.

Наведвальнікі выставы змогуць пазнаёміцца з пісталетамі–кінжаламі, пісталетамі–нажамі, пісталетамі–сякерамі, крамянёвымі, колава–затворнымі, паяснымі пісталетамі. Тут жа можна ўбачыць вінтоўкі, аўтаматы, аркебузы, маўзеры, кольты, вінчэстары, невялікія гарматы і іншыя віды агнястрэльнай зброі.

У экспазіцыі прадстаўлены мушкетоны і пісталеты, якімі карысталіся воіны армій Францыі і Англіі падчас Стагадовай вайны, камбінаваная зброя піратаў, асабістая зброя Напалеона, узбраенне часоў грамадзянскай вайны ў ЗША, пісталеты і карабіны шэрыфаў і каўбояў Дзікага Захаду.

Наведаўшы выставу, вы ўбачыце самую знакамітую і найстарэйшую крамянёвую стрэльбу, якая стаяла на ўзбраенні войскаў шматлікіх краін Еўропы больш за 100 гадоў. У экспазіцыі таксама прадстаўлены паменшаныя копіі артылерыйскіх гармат XVII–XIX стст. Акрамя агнястрэльнай зброі, у экспазіцыі будуць прадстаўлены прыклады халоднай зброі (кінжалы, нажы, шаблі і г.д.), выкананыя і ўпрыгожаныя каўказскімі майстрамі, што сталі на сённяшні дзень калекцыйнымі. Таксама будуць дэманстравацца паляўнічыя трафеі.

Дом–музей I з'езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31а

Штодня з 11.00 да 19.00, без выходных

Тэл. для даведак: 290–68–47

www.facebook.com/domusmuseum

www.vk.com/domusmuseum