Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выдавецкая дзейнасць

Каталог фатаграфій «Леў Урбанавіч Дашкевіч». Мінск, «Панграф», 2002.

Аўтар–укладальнік Н. І. Саўчанка

Выданне прысвечана жыццю і творчасці беларускага фотамастака, вучонага, педагога Льва Урбанавіча Дашкевіча (1882–1957). Упершыню яго па–сапраўднаму ўнікальная фатаграфічная спадчына, якая захоўваецца ў зборы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, прэзентуецца чытачам у поўным аб'ёме ў форме ілюстраванага каталога. Адрасавана навуковым работнікам, супрацоўнікам музеяў, выкладчыкам, студэнтам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй фатагафіі.

Зборнік навуковых прац Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Музейны веснік». Мінск, «Юніпак», «Артыя Груп». 2003–2011.

Зборнік навуковых прац «Музейны веснік» заснаваны ў 2003 годзе, ён друкуецца па рашэнні Навукова–метадычнай рады музея. Матэрыялы выдання прысвечаны пытанням захавання гісторыка–культурнай спадчыны, музейнага праектавання, а таксама навуковаму апісанню музейных прадметаў і музейных калекцый, рэстаўрацыі і кансервацыі, актуальным формам працы з музейнай аўдыторыяй. Асобны раздзел прысвечаны гісторыі развіцця музейнай справы Беларусі і, у прыватнасці, заснаванню і дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і яго папярэднікаў. Аўтарамі выдання выступаюць навуковыя супрацоўнікі музеяў краіны, вучоныя, архівісты, краязнаўцы, калекцыянеры і інш. Выданне ілюстравана, мае даведачны блок, адрасавана музейным, архіўным, бібліятэчным работнікам, гісторыкам, краязнаўцам, выкладчыкам і студэнтам ВНУ, усім, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй і культурай.

5–ы нумар «Музейнага весніка» пабачыў свет дзякуючы фінансавай падтрымцы генеральнага партнёра Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь ЗТАА «Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі».

Каталог выставы «Гістарычны партрэт Вялікага Княства Літоўскага XVI – XVIII стагоддзяў». Мінск, “Юніпак”, 2003.

Укладальнік – І. Зварыка.

У каталозе змешчана каля 50 партрэтаў прадстаўнікоў эліты нашай краіны часоў Вялікага Княства Літоўскага, а таксама тых, хто розным чынам увайшоў у яе гісторыю.

У артыкулах да партрэтаў змешчана інфармацыя як мастацтвазнаўчага, так і гістарычнага зместу. У даведачным апараце падаецца кароткі тлумачальны слоўнік гістарычных тэрмінаў. Выданне адрасавана мастацтвазнаўцам, гісторыкам, усім, хто цікавіцца культурай нашай краіны, шырокаму колу чытачоў.

Археалагічны зборнік. Выпуск 1. Мінск, “ЮНІПАК”, 2006.

Укладальнікі – М. Плавінскі, В. Сідаровіч.

У зборнік увайшлі артыкулы даследчыкаў з Мінска, Полацка і Віцебска, прысвечаныя розным пытанням археалогіі Беларусі і сумежных рэгіёнаў ад каменнага веку да эпохі Сярэднявечча. Зборнік разлічаны на археолагаў, гісторыкаў, музейных супрацоўнікаў і ўсіх, хто цікавіцца археалогіяй і гісторыяй Беларусі.

Альбом–каталог выставы «Слуцкія паясы». Мінск, «Юніпак», 2008.

Укладальнік – І. Зварыка.

Альбом–каталог змяшчае матэрыялы выставы, якая праходзіла ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у 2005 – 2006 гадах. На ёй экспанаваліся паясы са збораў беларускіх музеяў і Дзяржаўнага Гістарычнага музея ў Маскве. У выданні ўпершыню пазначана, сістэматызавана, падрабязна апісана з указаннем месцазнаходжання пераважная большасць слуцкіх паясоў і паясоў слуцкага тыпу, якія належаць музейным зборам Беларусі.

Выданне ажыццёўлена на сродкі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

Альбом «Мінскі скарб». Мінск, «ЮНІПАК», 2009.

Укладальнікі – А. Касімава, А. Ладзісаў.

Выданне прысвечана скарбу, адкрытаму ў Мінску ў 1988 годзе, – аднаму са 127 грашовых і грашова–рэчавых скарбаў, якія захоўваюцца ў зборы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Манаграфія «Брылёўскі скарб». Мінск, «Беларускі Дом друку», 2011.

Аўтар – М. Плавінскі.

Брылёўскі скарб, які паступіў у музейны збор у 2003 годзе, – адзін з найбольш адметных нумізматычных комплексаў Ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі. Ён складаецца са срэбных арабскіх манет – дзірхемаў, фрагментаў шыйнай грыўні, франкскага мяча і набору гірак для ўзважвання срэбра. Прысутнасць у складзе скарбу арабскіх манет і франкскага мяча паказвае, наколькі шырокімі былі гандлёвыя стасункі нашых продкаў ужо ў тыя далёкія часы.

Выданне каталога стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы генеральнага партнёра Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь ЗТАА «Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі».

Фотаальбом «Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музей Рэспублікі Беларусь». Мінск, «Літаратура і Мастацтва», 2011.

Укладальнікі і аўтары ўступнага артыкула – Н. Калымага, А. Ладзісаў.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь захоўвае каштоўныя помнікі агульнанацыянальнага значэння, якія з’яўляюцца сведкамі значных падзей, з’яў, вызначальных этапаў працэсу фарміравання нацыі, пошуку шляхоў самаідэнтыфікацыі народа Беларусі. Альбом прэзентуе прадметы са збору музея, якія адносяцца да ліку рарытэтных, знаёміць з гісторыяй музея і шляхамі фарміравання калекцый.

У выданні прадстаўлены прадметы з разнастайных калекцый: археалогіі, каштоўных металаў, музычных інструментаў, беларускага народнага адзення, дакументаў, зброі, фарфора, выяўленчага мастацтва і інш. Шэраг адлюстраваных у альбоме прадметаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Выданне альбома ажыццёўлена дзякуючы фінансавай падтрымцы ЗТАА «Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі».

Альбом узнагароджаны дыпломам І ступені ў намінацыі «Залатыя скрыжалі» на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі–2012» і дыпломам лаўрэата конкурсу І Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі» (2012).

«Кнігі і кнігазборы куцеінскага Богаяўленскага манастыра ў сярэдзіне XVII ст.». Мінск, «Тэхналогія», 2012.

Аўтар – Ю. Лаўрык.

Манаграфія вядучага навуковага супрацоўніка аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Ю. Лаўрыка прысвечана выдавецкай і кнігазбіральніцкай дзейнасці браціі праваслаўнага Богаяўленскага манастыра ў Куцейне ў найбольш яскравы перыяд яго гісторыі – сярэдзіне XVII ст. Падрабязна разглядаюцца характэрныя асаблівасці куцеінскіх друкаў і манускрыптаў, а таксама ажыццяўляецца спроба акрэсліць склад кнігазбораў, што існавалі ў самім манастыры або захоўваліся ў манастырскіх цэрквах. Правядзенню даследніцкай працы ў дадзеным кірунку паспрыяла найбуйнейшая калекцыя старадрукаў і манускрыптаў з Богаяўленскага і Успенскага куцеінскіх манастыроў у зборы музея.

Выданне атрымала дыплом ІІ ступені Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі–2013».

Выхад у свет выдання стаў магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы ЗТАА «Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі».

Альбом «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь». Мінск, выдавец А. А. Аляксееў. 2015.

Укладальнікі, аўтары тэксту – Н. Калымага, А. Ладзісаў.

Альбом прысвечаны гісторыі стварэння і дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, працэсам фарміравання музейнага збору. Шматлікія ілюстрацыі даюць уяўленне пра кірункі збіральніцкай працы галоўнага музея гістарычнага профілю, шырокі тэматычны і храналагічны дыяпазон музейных калекцый.

Выданне ажыццёўлена пры фінансавай падтрымцы ААТ «Пріорбанк».

Альбом «Рарытэты са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь». Мінск, выдавец А. А. Аляксееў, 2016.

Укладальнікі, аўтары тэксту – Н. Калымага, А. Ладзісаў.

Альбом прысвечаны гісторыі стварэння і дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, працэсам фарміравання самага буйнога ў краіне музейнага збору. Шэраг фондавых калекцый і асобныя прадметы, прадстаўленыя ў выданні, маюць выключнае значэнне для айчыннай гісторыі і культуры.

Выданне ажыццёўлена пры фінансавай падтрымцы ААТ «Пріорбанк».