Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Музейныя заняткі

Вандроўка па палескім падворку

У юных вандроўнікаў, а таксама іх бацькоў ёсць унікальная магчымасць здзейсніць падарожжа ў дагістарычнае мінулае ў спецыяльнай інтэрактыўнай зале пад назвай "Жывая археалогія. Палескі падворак 2 тыс. да н.э."

Занятак-падарожжа дапаможа наведвальнікам уявіць незвычайны разнастайны прадметны свет першабытных людзей. Падчас падарожжа можна пазнаёміцца з жаночым строем таго часу, ткацкімі прыстасаваннямі гарызантальнай і вертыкальнай канструкцыі, станком, на якім свідравалі камень, паспрабаваць секчы дрэва крамянёвай сякерай і шмат іншага.

Адмысловае вогнішча, дрэвы, камяні, гукі прыроды дапамагаюць паглыбіцца ў архаічны час.

Для наведвальнікаў 1–3 класаў.

Археалагічныя раскопкі

Дзецям прапануецца на некаторы час стаць памочнікамі археолага, а дакладней – дапамагчы яму правесці археалагічныя раскопкі на ўяўленым гарадзішчы жалезнага веку "Малышкі". Пад кіраўніцтвам музейнага педагога дзеці не толькі даследуюць культурныя слаі, але і вызначаюць напрамкі свету, вядуць палявы дзённік, складаюць план раскопа.

Для вучняў 4–6 класаў.

Лялькі з бабулінага куфэрка

Прыемна быць крышку творцам, ствараць цёплае, добрае і радаснае, а пасля дарыць гэта родным і сябрам! Падчас занятку "Лялькі з бабулінага куфэрка" ўдзельнікі змогуць не толькі пазнаёміцца з некаторымі абрадавымі лялькамі, але і зрабіць сваю, адметную і непаўторную. Тым больш лялькі, як галоўныя дзеючыя асобы абрадаў і традыцый нашых далёкіх продкаў, робяць мінулае больш цікавым і зразумелым. Гэта параўнальна малая, але вельмі прыкметная частка матэрыяльнай культуры народа прыносіць радасць не толькі дзецям, але і дарослым.

Для наведвальнікаў ад 7 гадоў.

Сакрэты ткацкага рамяства

"Ух, зусім распаясаўся..." – спадзяемся вам ніколі не даводзілася чуць такія словы ў свой адрас. Адкуль пайшло такое выказванне, чаму поясу нашыя продкі надавалі такое значэнне, надзялялі абярэгавай сілай, выкарыстоўвалі ў абрадах.  Пра гэты такі звыклы і ў той жа час цікавы элемент адзення юныя наведвальнікі могуць даведацца, прыйшоўшы на занятак "Сакрэты ткацкага рамяства". Акрамя таго, на ўласным вопыце дзеці пазнаёмяцца са старажытнай тэхнікай ткацтва на бердзечку: выткуць паясок, які забяруць сабе на памяць.

Для вучняў 3–6 класаў.

Звяртаем увагу, што колькасць удзельнікаў аднаго занятку - не больш за 10 асоб. 

Папярэдні запіс абавязковы.

Кошт удзелу ў занятку : 14 бел. руб. з кожнага ўдзельніка (для групы да 4 асоб),

7 бел. руб. з кожнага ўдзельніка (для групы ад 5 асоб).