Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Кнігі, брашуры, буклеты"

Калекцыя "Кнігі, брашуры, буклеты" ахоплівае каля 8 тыс. адзінак захоўвання і працягвае папаўняцца. У яе склад уваходзяць, галоўным чынам, кніжныя і брашурныя выданні, а таксама буклеты, апублікаваныя пасля 1830 г. Большасць з іх выйшла ў свет на Беларусі або тым ці іншым чынам звязана з беларускай гісторыяй і культурай.

Кнігі ХІХ – пачатку ХХ ст. (да 1917 г.) прадстаўлены пераважна руска- і польскамоўнымі выданнямі, прысвечанымі гісторыі і культуры беларускіх земляў у складзе Расійскай імперыі. Сярод іх "беларускія" тамы "Живописной России", "Витебская старина" Сапунова, "Белорусские песни" Бяссонова, "Сказки и рассказы белорусов-полешуков" Сержпутоўскага і шмат інш. Неабходна згадаць беларускую літаратурную класіку, да прыкладу, адзін з першых раманаў ХІХ ст., дзе выкарыстоўваецца беларуская мова, – "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" Я.Баршчэўскага, шэраг выданняў (у тым ліку, 1-е, 1855 г.) вершаваная аповесць В.Дуніна-Марцінкевіча "Гапон", дарэвалюцыйныя публікацыі твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, Цёткі, Галубка і іншых аўтараў, а таксама кнігі выдавецтваў "Загляне сонца ў наша ваконца…" (у тым ліку, перакладзенага Дунінам-Марцінкевічам міцкевічаўскага "Пана Тадэвуша" і "Дудку беларускую" Мацея Бурачка) і "Палачанін" (беларускі пераклад Шаўчэнкавай "Кацярыны", Вільня, 1911), а таксама Беларускага выдавецкага таварыства (напрыклад, "Рунь" М.Гарэцкага).

Багата прадстаўлена ў калекцыі літаратура, што паказвае шляхі станаўлення беларускай дзяржавы, адукацыі, навукі і культуры, пачынаючы з 1918 г. Тут выданні Інбелкульта і "Маладняка", шматлікія гістарычныя і філалагічныя працы (да прыкладу, зборнік "450 год беларускага кнігадрукавання", разнастайныя слоўнікі і граматыкі), а таксама мастацкія творы Язэпа Пушчы, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, Петруся Броўкі і інш.

Заходнебеларуская частка калекцыі прадстаўлена кнігамі Таварыства беларускай выдавецкага школы ("Пашыліся ў дурні" Крапіўніцкага) і выдавецтваў "Гоман" ("Начэпнасць". Вільня, 1917). З мастацкай літаратуры варта згадаць творы Максіма Гарэцкага, Міхася Машары, Максіма Танка і Міхася Васілька, з навукова-папулярнай – брашуры Адама Станкевіча і Рамуальда Зямкевіча.

Вялікая колькасць кніг палітычнага характару адлюстроўвае рэаліі як перадваеннага, так і пасляваеннага жыцця рэспублікі. Таксама тут змешчаны працы, прысвечаныя дасягненням беларускай навукі, пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў на мовы іншых народаў, а замежнай літаратуры – на беларускую, і г.д.