Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Нумізматыка"

Нумізматыка – навука аб манетах, найстарэйшая са спецыяльных гістарычных дысцыплін. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусі выкарыстоўвае прадстаўнічую нумізматычную калекцыю для даследавання гісторыі краіны і грашовага абарачэння. Менавіта ў манеце, як масавай крыніцы, знайшлі свой адбітак падзеі эканамічнага і палітычнага, сацыяльнага жыцця краіны.

У калекцыю "Нумізматыка" ўваходзяць прадметы (манеты, боны, жэтоны) з невысакародных металаў. Прадметы нумізматыкі з каштоўных металаў захоўваюцца ў калекцыі "Каштоўныя металы і камяні". Пры камплектаванні калекцыі, з улікам спецыфікі музея, перавага аддаецца рэчам, тым ці іншым чынам звязаным з гісторыяй Беларусі, а таксама прыватным зборам.

Фарміраванне калекцыі пачалося ў 1957 г., было распачата арггрупай музея і працягваецца да сённяшняга часу. Значная частка манет, што захоўваюцца ў зборы, была перададзена ў 1960–1970-я гг. з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і некаторых абласных музеяў. Цікавая калекцыя была перададзена з Дзяржаўнага Эрмітажа. Многія манеты былі прывезены з экспедыцый музея. Ажыццяўляліся буйныя закупкі ў калекцыянераў: як мясцовых, так і з Вільні, Ленінграда.

Вельмі важкі ўплыў на фарміраванне калекцыі аказала праца такіх супрацоўнікаў музея як Л.Д.Клок, В.Н.Рабцэвіч. Іх прыватныя калекцыі, падараваныя музею, займаюць ганаровае месца ў зборы. Вялікім поспехам для музея стала набыццё калекцыі А.Сніткі.

Шмат цікавых манет перададзена ў музей у якасці канфіската сілавымі структурамі. Такім чынам у зборы апынулася велізарная калекцыя А.А.Мойчанкі; таксама больш за 1 тыс. адзінак было перададзена з Мазырскай мытні.

З пачаткам эмісійнай дзейнасці Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (1996) у музеі адбываецца камплектаванне калекцыі памятных манет Рэспублікі Беларусь.

Найбольш старажытныя манеты ў зборы музея – антычныя, у тым ліку манеты Аляксандра Македонскага; найбольш познія – манеты выпуску 2000-х гг.

У матэрыялах калекцыі знайшлі адлюстраванне розныя этапы грашовага звароту на тэрыторыі Беларусі і сумежных краін.

Асноўная частка калекцыі – манеты ХVIII–XX стст. Расійскай імперыі і краін Еўропы (Аўстрыі, Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Англіі і інш.). Іх можна падзяліць на групы:

  • манеты масавага выпуску;
  • памятныя манеты;
  • манеты адмысловых выпускаў;
  • металічныя боны і аплатныя жэтоны.

Найбольш прадстаўнічая частка калекцыі – манеты Расійскай імперыі. Бурная эканамічная і палітычная гісторыя Расіі, шматлікія грашовыя рэформы і звязаныя з імі перачаканы ХVIII ст. пакінулі свой след у матэрыялах калекцыі: ад капеек Пятра I з літарным пазначэннем года выпуску да медных манет 1916 г.

Цікавасць уяўляюць манеты адмысловых выпускаў, якія чаканіліся Расійскай імперыяй для правінцый (манеты для Польшчы, Малдавіі і Валахіі, Грузіі, Фінляндыі, Сібірскія манеты). Незвычайнае афармленне, часта падвойны намінал прыцягваюць да іх увагу.

Польскае нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1831 г. пакінула адбітак і ў нумізматыцы. Па рашэнні рэвалюцыйнага Нацыянальнага Урада Варшаўскі манетны двор распрацаваў і выпусціў манеты з гербам Рэчы Паспалітай. Больш за дзесяцігоддзе пасля падаўлення паўстання кіраўніцтва Расійскай імперыі старанна выключала іх з ужытку.

Яшчэ адна веха гісторыі – Першая сусветная вайна. Пасля яе засталіся разбурэнні, голад … і жалезныя боны, эмітаваныя Германіяй для акупаваных тэрыторый Расійскай імперыі. Металічныя боны і аплатныя жэтоны – цікавы, але, на жаль, дагэтуль мала даследаваны матэрыял. Гэта і металічная бона Армавірскага аддзялення Дзяржаўнага банка, боны польскіх вайсковых частак, што паходзяць з тэрыторыі Заходняй Беларусі, бона гета г. Лодзь 1942 г.

Памятныя манеты прысвечаны знакамітым людзям, значным гістарычным падзеям, помнікам культуры і прыроды. Як правіла, яны адрозніваюцца высокай якасцю вырабу, дэкаратыўнасцю, арыгінальным афармленнем.