Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Фотадакументы"

Калекцыя "Фотадакументы"

Калекцыя фотадакуменаў налічвае каля 50 тыс. адзінак захоўвання. У ёй прадстаўлены фотаздымкі, выкананыя ў перыяд з 1853 па сённяшні час: фотаздымкі на паперы, стэрэафотаздымкі, фератып, негатывы на шкле і стужцы, слайды, фотаальбомы.

Збор фармаваўся рознымі шляхамі – фатаграфіі паступалі непасрэдна ад фатографаў, фотакарэспандэнтаў, перадаваліся прыватнымі асобамі, прадстаўнікамі разнастайных дзяржаўных устаноў, прывозіліся музейнымі супрацоўнікамі з экспедыцый. Частка фотаздымкаў паходзіць з Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага музея (1908–1914), Мінскага абласнога, затым Беларускага дзяржаўнага музея (1919–1944), а таксама з Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні.

Да ўнікальных належыць фатаграфічны партрэт беларускага пісьменніка В.Дуніна-Марцінкевіча 1862 г. з мінскай фотамайстэрні Антона Прушынскага. У зборы гэта самае ранняе фота, выкананае на тэрыторыі Беларусі.

Вялікую каштоўнасць уяўляюць здымкі відаў беларускіх гарадоў – Мінска, Віцебска, Гародні, Магілёва, Барысава 1900–1917 гг. Склалася калекцыя фотаздымкаў беларускіх аўтараў 1890–1930 гг.: Майсея Напельбаўма (мінскі перыяд), Рыгора Міранскага, Саміра Юхніна, Льва Эпштейна, Ісака Салавейчыка.

Гонарам фатаграфічнай калекцыі з’яўляецца найбольш поўны і ў сваім родзе адзіны збор мастацкай і краязнаўчай фатаграфіі мінчаніна Льва Урбанавіча Дашкевіча (1882–1957), які дазваляе прасачыць, як на працягу дзесяцігоддзяў складвалася непаўторная творчая манера гэтага фотамастака.

Несумненную цікавасць мае фатаграфічная спадчына вядомага беларускага навукоўца-этнографа Ісака Сербава (1871–1943). У калекцыі захоўваецца каля 120 фатаграфічных адбіткаў, зробленых ім падчас летняй экспедыцыі 1912 г. па Палессі.

Шырока прадстаўлены і мемарыяльныя комплексы вядомых у Беларусі дзеячоў культуры – сямейныя фотаальбомы беларускага пісьменніка Францішка Багушэвіча, фотаматэрыялы сям’і Багдановічаў, тэатральнай дынастыі Уладамирскіх і інш.

У калекцыі сабраны фатаграфічныя матэрыялы па гісторыі народнай Цікавасць уяўляе падборка фотаматэрыялаў па гісторыі Першай сусветнай вайны (1914–1918). Фотаальбомы і адзінкавыя здымкі ўдзельнікаў ваенных дзеянняў – рускіх і нямецкіх салдат і афіцэраў – зроблены на тэрыторыі Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы.