Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Кераміка"

Калекцыя "Кераміка" – адзін з найбольш буйных і прадстаўнічых збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. 

Калекцыя ў пэўнай ступені адлюстроўвае гісторыю ганчарнага промысла, развіццё рамеснай тэхналогіі і прамысловай вытворчасці керамікі на тэрыторыі Беларусі на працягу ХХ ст. У ёй прадстаўлены разнастайныя формы керамікі: гаспадарчы посуд, рэчы для аздаблення побыту, выдатныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Калекцыя керамікі па храналогіі свайго стварэння можа падзяляцца на вырабы першай паловы ХХ ст. і 1950 – пачатку 1990-х гг. Прадстаўлены найбольш вядомыя ганчарныя цэнтры, якія калісьці існавалі ў такіх беларускіх мясцінах, як Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, Івянец і Ракаў на Міншчыне, Дуброўна на Віцебшчыне і інш. Найбольшую цікавасць уяўляюць ганчарныя вырабы знакамітых ганчароў А.Такарэўскага, І.Гембіцкага, А.Траяноўскага, Н.Кузьмінавай, У.Татарыса, М.Сіманькова, І.Шопіка, М.Наумовіча і іншых майстроў.

Значную колькасць музейных прадметаў калекцыі складаюць узоры прадукцыі керамічных прадпрыемстваў у Івянцы, Радашковічах, Мазыры, што дазваляе дэманстраваць дасягненні керамічнай вытворчасці апошніх дзесяцігоддзяў.

Калекцыя вырабаў Мінскага і Добрушскага фарфоравых заводаў уключае аўтарскія творы мастакаў В.Леантовіча, Л.Багданава, Г.Літвіненка, А.Федусь, В. і Л.Кавальчукоў, Л. і М.Гатальскіх і іншых, а таксама ўзоры серыйнай прадукцыі гэтых прадпрыемстваў з першых дзён свайго існавання.

Калекцыя фарфору Расійскай імперыі ХVIII–XIX стст. нешматлікая. Уключае асобныя ўзоры (вазы, сталовыя і чайныя сервізы, дэкаратыўныя блюда, скульптура і г. д.) Імператарскага фарфоравага завода, фарфоравых заводаў Ф.Гарднера, А.Папова, М.Кузняцова і інш.