Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



КАНВАЛЮТ З КНІГАМІ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

Зборнік самастойных выданняў, пераплеценых у адзін том (канвалют), які дэманструецца на выставе “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”, складзены з 6 кніг Бібліі, надрукаваных Францыскам Скарынам у розныя гады ў Празе. Пад адной вокладкай сабраны:

Прытчы Саламона, 1517 г.

Эклезіяст, 1518 г.

Песня Песняў, 1518 г.

Кніга Мудрасці Божай, 1518 г.

Кніга Ісуса Сірахава, 1517 г.

Кніга прарока Данііла, 1519 г.

Назвы ў спісе прыведзены ў парадку іх паслядоўнасці ў зборніку.

Экзэмпляр належыць Дзяржаўнаму гістарычнаму музею (ДГМ) – найбуйнейшаму сярод музеяў нацыянальнай гісторыі Расіі. У яго фондзе старажытных рукапісаў і старадрукаваных кніг захоўваецца вялікая і надзвычай цікавая калекцыя вядомага збіральніка рускіх старажытнасцяў Івана Мікітавіча Царскага (1790–1853). Канвалют, што знаходзіцца ў вітрыне, – адзін з прадметаў гэтай калекцыі. Не вядома, кім, дзе і калі гэты зборнік быў скамплектаваны. Аднак вядома гісторыя руху ўсёй калекцыі, звязаная са зменай яе ўладальнікаў.

І.М. Царскі, багаты маскоўскі купец–старавер, належаў да значных бібліяфілаў першай паловы ХІХ ст. Пасля яго смерці выдатная бібліятэка, ім сабраная, у складзе якой былі і выданні Ф. Скарыны, перайшла да двух уладальнікаў: рукапісы і частку старадрукаў купіў граф Аляксей Сяргеевіч Увараў (1802–1884), археолаг і археограф, заснавальнік Маскоўскага археалагічнага таварыства; другую частку старадрукаў набыў граф Уладзімір Пятровіч Арлоў–Давыдаў (1809–1882), вядомы мецэнат і бібліяфіл. У 1917 г. абедзве часткі бібліятэкі былі нацыяналізаваныя і перададзеныя ў фонд ДГМ. З таго часу як адзіны збор гэтыя скарбы захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Дзяржаўнага гістарычнага музея.

Экзэмпляр канвалюта, перададзены Дзяржаўным гістарычным музеем (Масква) у Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь для паказу на выставе “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”, прысвечанай 500–годдзю беларускага кнігадрукавання, экспануецца ў Беларусі ўпершыню.