Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Дакументы"

Калекцыя дакументальных матэрыялаў складае значную частку збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. У ёй прадстаўлены крыніцы па гісторыі Беларусі з пачатку XVI ст. да нашых дзён. Гэта розныя тыпы і віды дакументаў на беларускай, старабеларускай, рускай, польскай, лацінскай, французскай, нямецкай мовах.

Сістэматычнае навуковае камплектаванне калекцый пачалося ў 1950-я гг. у сувязі з прыняццем у 1957 г. рашэння аб стварэнні рабочай групы музея. Значная частка дакументаў была сабрана падчас экспедыцый, атрымана ад прыватных асоб, перададзена з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Магілёве. Асобная група дакументаў з’яўляецца часткаю фондаў дарэвалюцыйнага Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага музея, даваеннага Беларускага Дзяржаўнага музея, Беларускага музея імя І. Луцкевіча.

Першыя дакументы, якія паступілі ў калекцыю ў 1957 г., – матэрыялы У. Нартыш-Блука, удзельніка рэвалюцыі 1905 г. і Грамадзянскай вайны.

Самы ранні дакумент калекцыі датуецца 1507 г., гэта фундуш князя К. Астрожскага Смалявіцкай царкве. Крыніцамі па перыяду феадалізму з’яўляюцца такія дакументы, як каралеўскія прывілеі, дароўныя граматы, акты куплі-продажу зямлі, распіскі па пазыках, тэстамэнты, выпіскі з галоўных трыбунальных кніг Мінска, арэндныя дагаворы, закладныя. Асобная група дакументаў маёмаснага характару з’яўляецца часткаю Нясвіжскага архіва Радзівілаў.

Унікальныя прадметы калекцыі – пергаментныя граматы XVI–XVII стст.: прывілей каралевы Боны баярыну А. Пятровічу на валоданне вёскай Беражное (1524), дароўная грамата княжны Любяцкой свайму мужу Шчаснаму Харлінскаму на валоданне зямлёй у ваколіцах Хойнікаў (1568), дароўная грамата княжны Друцкай-Горскай мінскаму Петрапаўлаўскаму манастыру на надзел зямлі ў Мінску (1613), прывілей караля Сігізмунда I на землі баярыну княгіні А.Слуцкай (1508).

Вялікую каштоўнасць уяўляе архіў слуцкага Троіцкага манастыра. У калекцыі два тамы архіва, якія маюць вялікае значэнне для вывучэння гісторыі праваслаўнай царквы ў ВКЛ. У складзе гэтай часткі архіва знаходзіцца больш за 1 тыс. дакументаў XVI–XVIII стст., якія асвятляюць гісторыю праваслаўных цэркваў і манастыроў. Архіў утрымлівае каралеўскія прывілеі і ўніверсалы, рэскрыпты духоўных іерархаў, дакументы натарыяльнага характару.

Сярод матэрыялаў па генеалогіі вялікую цікавасць уяўляюць зборы радаводаў шляхты Віцебской губерні "Genealogiezne Linij" з 1808 па 1820 г. Сярод апошніх паступленняў дакументы дваранскага роду Тэрлецкіх-Лянкевічаў, сям’і Уладамірскіх, жыхароў Мінска Мурашка, Гундзіловічаў, генеалагічныя табліцы родаў Паўлоўскіх, Булгакаў, Пятроўскіх, Бабіцкіх.

Дакументы па гісторыі каталіцкай, праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў на тэрыторыі Беларусі характарызуюць іх маёмаснае становішча, манастырскае землеўладанне, культавую практыку. Захоўваюцца дакументы з архіва Куцейнскага Свята-Успенскага жаночага манастыра, фрагмент архіва Грозаўскай Свята-Мікалаеўскай царквы, кніга запісаў нараджэння і хрышчэння ў губернскім лютэранскім прыходзе (1886), асобныя пастановы Мінскай духоўнай кансісторыі і Віленскай рымска-каталіцкай кансісторыі, акты рэвізіі цэркваў, інвентары манастыроў, выпіскі з метрычных кніг цэркваў і касцёлаў.

Эканамічнае развіццё Беларусі сярэдзіны XIX – пачатку XX ст. прадстаўлена актамі куплі-продажу зямлі, размежавання зямельных надзелаў, плацёжнымі кніжкамі, страхавымі полісамі, дамовамі аб арэндзе, кантрактамі. У калекцыі шэраг пастаноў, якія тычацца гарадской гаспадаркі: аб’явы Мінскай гарадской управы аб электрычным трамваі ў Мінску (1901), абавязковая пастанова Мінскай гарадской Думы па ўтрыманні гандлёва-прамысловых устаноў, аб санітарных мерах пры продажы прадуктаў харчавання (канец XIX ст.).

Захаваліся цікавыя крыніцы па гісторыі асветы і культуры Беларусі: матэрыялы аб будаўніцтве Мінскага гарадскога тэатра (1880-я гг.), дакументы Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі, археалогіі і Мінскага гарадскога музея за 1912–1915 гг., запіска настаўніка Ф.Паўловіча аб развіцці асветы ў г.Клімавічы, тэатральныя праграмы, атэстаты, пасведчанні, пахвальныя лісты гімназій, вучнёўскія сшыткі, звесткі аб колькасці школ, бібліятэк і інш. Маюцца дакументы аб дзейнасці першай беларускай газеты "Наша Ніва".

Аб становішчы ў Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны сведчаць тэлеграмы, рапарты мінскаму губернатару аб гаротным становішчы ў розных паветах, дакументы бежанцаў, вопісы рухомай і нерухомай маёмасці, лісты салдат з фронта.

У фондах музея захоўваюцца дакументы па гісторыі Заходняй Беларусі (1921–1939): купчыя на зямлю, плацёжныя кніжкі, дакументы дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі С.Прытыцкага.

У калекцыі дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны падзеі на франтах, дзейнасць партызанскіх атрадаў, жыццё на акупаванай тэрыторыі. Захоўваюцца загады, даведкі, граматы, ордэнскія кніжкі, пасведчанні ўдзельнікаў вайны, падзякі. Сярод іх – дакументы маршала авіяцыі С.Красоўскага, аднаго з арганізатараў партызанскага руху Л.Папкова, Герояў Савецкага Саюза А.Кляшчова, П.Саенкі, К.Арлоўскага і інш.

Сярод дакументаў пасляваеннага часу вялікую цікавасць уяўляюць матэрыялы аб удзеле беларусаў у асваенні цалінных зямель і будаўніцтве БАМа. Калекцыя дакументаў дзеячаў культуры ўключае матэрыялы А.Аўраменкі, В.Быкова, З.Азгура, А.Марыкса, П.Глебкі, А.Дударава, В.Залатарова, Л.Александроўскай, Т.Ніжнікавай, К.Крапівы, Р.Пукста, З.Стомы, С.Cтанюты і інш.