Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Сфрагістыка"

Калекцыя налічвае каля 3 тыс. прадметаў. У яе склад уваходзяць пячаткі, штампы, адбіткі гербаў і сыгнетаў, клеймы, клішэ. Пячаткі падзяляюцца на металічныя (Х–ХV стст.), васкавыя (ХIV–ХVII стст.), сургучныя (з канца ХVII ст.), курадымныя (ХVIII–ХІХ стст.). У калекцыі – пячаткі старажытнага перыяду (Х–ХІ стст.), блізкія па стылю да пячатак Кіеўскага княства і Наўгародскай Русі, а таксама прывісныя пячаткі – булы.

Пачатак фарміравання калекцыі адносіцца да 1960-х гг. Значная частка музейных прадметаў паступіла з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці ў 1958 г. – калекцыя металічных і гумавых пячатак устаноў дарэвалюцыйнай Беларусі. Калекцыя пячатак і штампаў розных арганізацый і прыватных асоб паступіла з Віленскага гістарычнага музея ў 1961 г. (звыш 200 адзінак). Пячаткі і вуглавыя штампы першых гадоў Савецкай улады 1918–1930 гг. былі атрыманы з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці ў 1983 г. Гэта пячаткі сельскіх саветаў, валасных выканкамаў, Савета народный гаспадаркі Беларусі, народных камісараў рэспублікі, фінаддзелаў, нарыхтоўчых кантор, дамавых камітэтаў, працоўных школ, аддзелаў аховы здароўя. Калекцыя пячатак розных устаноў Мінскай і Віленскай губерняў канца ХІХ – пачатку ХХ ст. паступіла з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці ў 1983 г. У тым жа 1983 г. музей атрымаў вялікую калекцыю з Дзяржаўнага Цэнтральнага гістарычнага архіва БССР – калекцыю пячатак розных службовых асоб Расійскай імперыі канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

Да ўнікальных прадметаў адносяцца: пячатка сургучная князёў Святаполк-Мірскіх канца ХІХ ст., пячатка суддзі Мінскай акругі графа К.Чапскага, була ХІІ–ХІІІ стст., пячатка масонская (Рэч Паспалітая), сыгнет (пячатка-пярсцёнак, Рэч Паспалітая), а таксама больш за 200 пячатак, якія раней належалі Віленскаму музею братоў І. і А. Луцкевічаў.