Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Каштоўныя металы і камяні"

Пачатак камплектавання калекцыі адносіцца да канца 1950-х гг., калі ў музеі пачалі праводзіцца экспедыцыі з мэтай збору экспанатаў па тэрыторыі Беларусі. Трэба адзначыць, што калекцыя "Каштоўныя металы і камяні" ўключае ў сябе нумізматычны збор, фалерыстыку, рэчы побыту, прадметы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, а таксама зброю, якія выкананы са срэбра ці золата. Храналагічныя рамкі калекцыі вельмі шырокія: ад археалагічных помнікаў ІІІ ст. н.э. да памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь пачатку ХХІ ст. Самае першае паступленне калекцыі – віты бранзалет з зааморфнымі канцамі XII ст. з раскопак Мінскага Замчышча, якія праводзіліся ў 1967 г.

У калекцыі прадстаўлена манетная справа такіх краін, як Прусія, Аўстра-Венгрыя, Швецыя, Данія ХVІІ–ХХ стст. Асобна можна вылучыць калекцыю манет Рэчы Паспалітай ХV–ХVІІІ стст. (грошы, тынфы, орты), манеты дапятроўскай Русі (денгі, капейкі), грашовыя знакі аб'яднаных правінцый Нідэрландаў (патагоны, левендаальдэры, талеры, рыксдаальдэры). Нумізматычную цікавасць уяўляюць плацёжныя сродкі Ірана (краны), Японіі (сены), Кітая (юані), Ірака (ріала), Егіпта (піастры), Балгарыі (стацінкі), Бразіліі (рейсы), Сербіі (дынары), Румыніі (леі). Аднак яны прадстаўлены адзінкавымі экзэмплярамі. Добра прадстаўлена і грашовае абарачэнне СССР, асабліва 1920-х гг.

Самастойную калекцыю складаюць памятныя срэбныя і залатыя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Калекцыя пачала фарміравацца ў 1997 г. ("Ліс", "50 год стварэння ААН", серыя "Беларусь Алімпійская", "Святы і абрады славян" і інш.).

Самымі ўнікальнымі манетамі калекцыі можна лічыць: двайны міліарысій (610–641 гг., Візантыя), брактэат Х ст. (Германія), італьянскі гроса (Венецыя, дож Рэньеры Дзэна (1253–1268), статэр 494 г. баспорскай эры (197–198 гг. н.э).

Добра прадстаўлена ў калекцыі ўзнагародная сістэма Расійскай імперыі ХІХ ст., якая ўключае ў сябе як баявыя знакі адрознення, так і грамадзянскія ўзнагароды. Да найбольш цікавых помнікаў фалерыстыкі можна аднесці: медаль у памяць 80-годдзя з дня нараджэння Бісмарка (1895 г., Германія); жэтон у памяць 17 кастрычніка 1905 г.; медаль у памяць заключэння перамір’я паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй у Шумскай Весі (1635); медаль Рымскай акадэміі 1907 г. за поспехі ў паэзіі; медаль, выпушчаны ў памяць 15-годдзя сумеснага жыцця караля Саксоніі Фрыдрыха Аўгуста і яго жонкі Амаліі (1768–1769) і інш.

Калекцыя сучасных помнікаў фалерыстыкі сфарміравалася, у асноўным, за кошт паступленняў ордэнаў, медалёў, знакаў і значкоў ад вядомых дзяржаўных і грамадскіх асоб, удзельнікаў гістарычных падзей.

Дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва прадстаўлена ў зборы музея такімі цікавымі рэчамі, як абразы, нацельныя крыжы, рэлігійнае начынне, сталовы посуд Расійскай імперыі і Заходняй Еўропы, гадзіннікі, упрыгажэнні, аксесуары. Да ліку ўнікальных прадметаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва з калекцыі "Каштоўныя металы і каштоўныя камяні" адносяцца: паясны набор срэбных блях першай трэці ХV ст. (т. зв. "пояс Вітаўта"), поцір працы навагрудскіх майстроў ХVІ ст., панагія "Гасподзь Уседзярджыцель" (1789), крыж напрыстольны 1625 г. Асобная месца ў калекцыі займаюць археалагічныя знаходкі (грыўні, пярсцёнкі, скроневыя колцы, бранзалеты) і зброя (халодная і агнястрэльная).