Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Панагія – невялікая іконка Маці Божай

  • 28.08.2017

Адна з фондавых калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь захоўвае панагію – невялікую іконку Маці Божай. Панагія выраблена, як мяркуецца, у Беларусі ў 1984 годзе. Гэты музейны прадмет выступае ў якасці сведкі працэсаў адраджэння рэлігійнага жыцця ў краіне, які пачаўся менавіта ў гэты час. Усё часцей сталі гучаць галасы навукоўцаў пра тое, што рэлігія дабратворна ўплывае на мараль, культуру, выконвае гуманістычную місію ў грамадстве.

У перакладзе з грэчаскай мовы слова “панагія” азначае “Усесвятая” і адносіцца да Маці Божай. Раней панагія служыла каўчэгам, у якім захоўваліся часцінкі святых мошчаў. З цягам часу панагія страціла прызначэнне каўчэга і пераўтварылася ў невялікую круглую іконку з выявай Маці Божай.

Гэтаксама панагіяй называецца прасфора, з якой на літургіі дастаецца часцінка ў гонар Маці Божай. Яна сімвалічна звязвае літургію і манастырскую трапезу ў адзінае багаслужэнне.