Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Паланэзы на вяртанне" ў Пасольстве Беларусі ў Францыі

  • 07.04.2015

Выстава "Паланэзы на вяртанне", прымеркаваная да 250-годдзя з дня нараджэння М.Кл. Агінскага, будзе адкрытая для экспанавання ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Агінскага, ў Пасольстве Беларусі ў Францыі 9 красавіка 2015 года, а 23 чэрвеня - ў штаб-кватэры ЮНЕСКА падчас правядзення балю ў гонар М. Кл. Агінскага.

Матэрыяламі для стварэння выставы паслужыў архіў М. Кл. Агінскага, які захоўваецца ў фондзе Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Дакументальная частка гэтага архіва ў 2008 годзе была вернута з Расійскага архіва старажытных актаў, куды ў 1833 годзе, пасля смерці бацькі, матэрыялы перадаў сын Агінскага Ірэнеюш.

Беларусы ўмеюць захоўваць памяць, звязаную з жыццём і творчасцю вядомых асоб. Не выпадкова 250-годдзе з дня нараджэння М.Кл. Агінскага мы святкуем годна і з размахам: адноўлена сядзіба ў Залессі, створаны шматлікія выставачныя праекты; выдадзены "Мемуары М.Кл. Агінскага" на беларускай мове; перавыдадзены кнігі спадчыннікаў музыканта Іво Залускага і Анджэя Залускага, праводзяцца канферэнцыі.

Асноўная частка выставы "Паланэзы на вяртанне" - гэта дакументальная спадчына і фотаматэрыялы. Выстава складаецца з 13 планшэтаў, якія ўключаюць у сябе: радавод роду Агінскіх, зашыфраваную перапіску бацькі Міхала Клеафаса графа Андрэя Агінскага з каралём польскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім, лісты М.Кл. Агінскага напісаныя ў эміграцыі, нотныя рукапісы, у тым ліку і паланез «Развітанне з Радзімай», матэрыялы па сядзібе ў Залессі і іншыя дакументы, звязаныя з жыццём і творчасцю вялікага сына сваёй эпохі.