Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Творчыя сустрэчы з Валерыем Дайнека і Вольгай Залесскай

  • 12.08.2015

У межах праекта "Зачараванне" у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдуць сустрэчы з легендамі беларускага творчага Алімпу.

Праект "Зачараванне" складаецца з працаў, прысвечаных прыгажосці беларускай прыроды і яе ўзаемасувязі з тонкім вобразам жанчыны. У ім узялі ўдзел каля сарака мадэляў агенцтва "Тамара". Цесная ўзаемасувязь квітнеючай жаночай прыгажосці і непаўторнасці беларускай прыроды – галоўная тэма арт-праекта "Зачараванне".

18 жніўня а 18.30 будзе магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю Заслужанага артыста БССР, удзельніка ВІА "Песняры", таленавітага музыканта, вакаліста, аранжыроўшчыка, педагога Валерыя Дайнекі. Валерый працаваў у дзяржаўным аркестры Рэспублікі Беларусь М.Фінберга, дзе разам са звычайнымі канцэртамі была зроблена джазавая праграма з папулярных сусветных хітоў, праспявана каля 60 песень, з іх каля 30 былі выкананы ўпершыню. Паралельна з працай у аркестры займаўся сольнымі праектамі і выпусціў два магнітных альбома. За ўвесь песняроўскі перыяд і па гэты дзень большасць вакальных аранжыровак, акапэльных рэчаў, зроблена ім, альбо пры яго ўдзеле. Першы выканаўца такіх песняроўскіх хітоў як "Зачараваная мая", "Слуцкiя ткачыхi", "Машанька", "Стася".

20 жніўня ў 18.30 адбудзецца творчая сустрэча з Вольгай Залесскай - паэтам і аўтарам-выканаўцам. Вольга з'яўляецца каардынатарам праекта "Творчае аб'яднанне "Сваё асяроддзе", Лаўрэатам Усесаюзнага фестывалю аўтарскай песні ў Кіеве (1990 г.), арганізатарам канцэртаў і фестываляў аўтарскай песні ў Беларусі (у тым ліку "Вучыся адпачываць", "Культурная эвалюцыя"), госць і член журы замежных фестываляў аўтарскай песні. З 2009 г. праводзіць творчыя сустрэчы з вядомымі музыкамі, аўтарамі і выканаўцамі з свету аўтарскай песні, джазу і блюзу ў рамках праекта "Сваё асяроддзе" ў мінскім клубе "Лісіная нара".

Квіткі на мерапрыемства ўжо ў продажы. Кошт - 20 000 рублёў.