4 чэрвеня 2019 года а 18–й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры” адбудзецца адкрыццё выстаўкі “Пётр Шумаў. Вяртанне дадому”.
Лёс многіх таленавітых ураджэнцаў нашай краіны звязаны з вымушанай эміграцыяй. Так склалася і жыццё ўраджэнца Гродна Пятра Шумава, аднаго з самых знакамітых фатографаў Еўропы першай трэці ХХ стагоддзя, асабістага фатографа Агюста Радэна.
На выстаўцы будуць прадстаўлены копіі 33 фотаздымкаў, выкананых Пятром Шумавым з парыжскага фонду «Parisienne de Photographie – «Roger–Viollet». У 1920–я гады Пётр Шумаў фатаграфаваў выдатных мастакоў, кампазітараў, пісьменнікаў, палітыкаў. Сярод прадстаўленых на фотавыстаўцы работ наведвальнікі змогуць убачыць партрэты Марка Шагала, Льва Бакста, Уладзіміра Маякоўскага, Марыны Цвятаевай, Альберта Эйнштэйна, Клода Манэ і іншых. Гэтыя фотаздымкі даюць поўнае ўяўленне аб таленце партрэтыста Пятра Шумава і тым унёску, які ён зрабіў у сусветную культуру.
Выстаўка арганізавана пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, былога Пасла Беларусі ў Францыі, генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўла Латушкі, журналіста і фотамастака Аляксандра Ласмінскага.
Падчас экспанавання выстаўкі наведвальнікі пазнаёмяцца з матэрыяламі аб культурнай дзейнасці беларускіх музычных і тэатральных калектываў у Парыжы, перададзеных у дар музею спадаром П.П. Латушкам.
Арганізатары выставы выказваюць удзячнасць генеральнаму партнёру СТАА «Контэ–Спа» і асабіста яе заснавальніку Валянціну Байко, а таксама дзякуюць за дапамогу ў друку здымкаў фотастудыі «Мега».