З 1 лістапада 2019 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”, падрыхтаваная ў рамках гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры.
Экспазіцыя падзяляецца на 2 часткі: першая з іх – гістарычная. Яна знаёміць з гісторыяй самога феномену калекцыянавання ў Беларусі ад збораў Радзівілаў 16 стагоддзя да нашых дзён, прыватнымі калекцыямі, якія ў розныя часы паступілі ў зборы дзяржаўных музеяў, сталі часткаю Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь альбо паслужылі падмуркам для стварэння музеяў. Поруч з фрагментамі Радзівілаўскага архіву, наведвальнікі ўбачаць прадметы з былой калекцыі Паскевічаў, якія сёння захоўвае Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, артэфакты, сабраныя заснавальнікамі царкоўных гісторыка–археалагічных музеяў Магілёва і Віцебска, помнікі з былога Беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, які паўстаў дзякуючы асабістым зборам аднаго з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў беларускага культурна–асветніцкага і грамадска–палітычнага руху. Савецкі перыяд прадстаўлены калекцыямі, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і яго філіялаў: Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Музея прыроды і экалогіі – і якія сведчаць пра новыя кірункі і змест калекцыянавання.
Завяршаецца першая частка музейнага паказу раздзеламі, прысвечанымі Музею гісторыі прыватнага калекцыянавання ў Віцебску і ўдзелу замежных збіральнікаў у справе папаўнення беларускіх музейных збораў помнікамі гісторыі і культуры: размова ідзе пра калекцыі злепкаў са старажытнаегіпецкіх, антычных і класічных скульптур, падораную мастачкай беларускага паходжання з Францыі Надзеяй Хадасевіч–Лежэ Дзяржаўнай галерэі БССР (зараз Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), і партрэты 16–19 стагоддзяў, набытыя Музеем “Замкавы комплекс «Мір»” у князя Канстанціна Гагенлоэ–Шылінгсфюрста.
Другая частка паказу – шырокая прэзентацыя прыватных калекцый, кожная з іх мае свае адметныя прыярытэты, якія, так альбо інакш, характарызуюць уладальнікаў збораў. У ходзе падрыхтоўкі выставачнага праекта перавага аддавалася прадметам беларускага паходжання, а таксама тым, якія раней не экспанаваліся. Наведвальнікі пазнаёмяцца з калекцыямі абразоў, старажытных карт, сталовага срэбра, фарфору, гадзіннікаў, старадрукаў, з творамі выяўленчага і дэкаратыўна–прыкладного мастацтва.
Сярод удзельнікаў праекта – прыватны музей–сядзіба “Мірскі пасад”, Музей–галерэя “Янушкевічы”. Свае карпаратыўныя калекцыі прэзентуюць Белгазпрамбанк і Пріорбанк.
Выстава, мэта якой паказаць плён і перспектывы супрацоўніцтва музеяў і прыватных калекцыянераў, адрасавана самай шырокай аўдыторыі. Тэматычная разнастайнасць прадстаўленых артэфактаў, іх храналагічны дыяпазон і геаграфія зацікавяць многіх, у тым ліку і тых, хто сам захапляецца калекцыянаваннем.
Генеральным партнёрам выставачнага праекта выступіла кампанія JTI. “Адной з мэт нашай кампаніі па–за рамкамі асноўнага бізнесу з’яўляецца пазітыўнае сацыяльнае ўздзеянне. Пашырэнне доступу шырокай грамадскасці да аб’ектаў гісторыка–культурнай спадчыны з’яўляецца важкім элементам такога ўздзеяння, і выстава “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры” – гэта яшчэ адзін крок у гэтым кірунку. Акрамя таго, гэты праект можа служыць прыкладам паспяховага дзяржаўна–прыватнага партнёрства, развіццё якога наша кампанія падтрымлівае ва ўсіх сферах, у тым ліку, і ў сацыякультурнай, і ў дзелавой”, – адзначыў намеснік генеральнага менеджара JTI у Беларусі Генадзь Бруснікаў.
Музей працуе: з 11.00 да 19.00
Без выхадных
Каса працуе: 11.00 – 18.30
Уваход наведвальнікаў: 11.00 – 18.30
Для дарослых:
Агляд экспазіцыі – 10 бел.руб.
Экскурсія – 30 бел.руб.
Для студэнтаў дзённай формы навучання:
Агляд экспазіцыі – 8 бел.руб.
Экскурсія – 25 бел.руб.
Для школьнікаў і навучэнцаў ССНУ:
Агляд экспазіцыі – 5 бел.руб.
Экскурсія – 15 бел.руб.
Для пенсіянераў:
Агляд экспазіцыі – 5 бел. руб.
Экскурсія – 15 бел.руб.
вул. К. Маркса, 12, Мінск, 220030, Рэспубліка Беларусь
+375 17 3237665 (прыёмная)
+375 17 3748322
+375 17 3654827
histmuseum@histmuseum.by
Навукова-метадычны аддзел
office@histmuseum.by
Прыёмная музея