Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Часовая экспазіцыя, прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

  • 20.06.2023
З 20 чэрвеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстаўка, прымеркаваная да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Вялікая Айчынная вайна стала вялікім выпрабаваннем для савецкага народа, асабліва для Беларусі. Яе тэрыторыя была цалкам занята нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым, заснаваны на рэпрэсіях, гвалце, рабаўніцтве нацыянальнага багацця. Беларускі народ, нягледзячы ні на што, гераічна змагаўся з акупантамі на фронце і ў тыле, чым зрабіў непараўнальна значны ўнёсак у Вялікую Перамогу над гітлераўскай Германіяй.

Але вайна – гэта не толькі гераічнае змаганне, гэта вялікая трагедыя і вялікі смутак. Амаль кожны трэці жыхар Беларусі загінуў у час ваеннага ліхалецця, былі зруйнаваны гарады, спалены вёскі, знішчаны народнагаспадарчыя аб’екты. Былі растаптаны людскія лёсы, надзеі на будучыню, на шчаслівае жыццё.

Яшчэ 21 чэрвеня 1941 года віравала мірнае жыццё, людзі працавалі, адпачывалі, спадзяваліся на светлую будучыню. Але град бомбаў, які абрынуўся у першыя дні вайны, прыход акупантаў, азвярэлых ад людской крыві, зруйнавалі гэтыя надзеі.

На часовай экспазіцыі прадстаўлены  фотакалажы, якія дэманструюць выгляд беларускіх гарадоў даваеннага перыяду, выявы тых жа кварталаў пасля варварскіх нямецкіх бамбардзіровак першых дзён вайны і сучасны выгляд адноўленага, сучаснага горада.