Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Дыплом Л. Дубейкаўскага

  • 30.11.2016

Касцёл у Відзах, Петрапаўлаўскі касцёл у Дрысвятах, Марыянскі манастыр у Друі – усе гэтыя помнікі архітэктуры аб’ядноўвае імя беларускага архітэктара Лявона Вітан–Дубейкаўскага.

Нарадзіўся будучы архітэктар 7 ліпеня 1869 года ў вёсцы Дубейкава Мсціслаўскага павета. Пасля заканчэння школы будаўнічых рамёстваў у Варшаве Вітан–Дубейкаўскі праектаваў культавыя збудаванні на Смаленшчыне – цэрквы ў Ярцаве і Манастыршчане, Скарбніцу ў Вязьме. Важным этапам у яго жыцці стала вучоба ў парыжскай Акадэміі архітэктуры, пасля завяршэння якой у 1909 годзе Лявон Вітан–Дубейкаўскі атрымаў дыплом архітэктара–мастака. Менавіта тады сфарміраваліся эстэтычныя прыярытэты архітэктара – нэаготыка і мадэрн.

Далейшая біяграфія Лявона Вітан–Дубейкаўскага багата на падзеі: у 1913 – 1915 гадах ён выкладае будаўніцтва ў тэхнічна–прамысловай школе ў Варшаве, падчас Першай сусветнай вайны працуе ў Арле і на Полаччыне, у 1919 годзе чытае папулярныя лекцыі па архітэктуры на беларускіх настаўніцкіх курсах у Гародні і Вільні.

Рарытэтны музейны прадмет – выдадзены Лявону Вітан–Дубейкаўскаму дыплом пад нумарам 18 Акадэміі архітэктуры ў Парыжы захоўваецца ў зборы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і выступае ў якасці ўнікальнага дакумента па гісторыі архітэктуры Беларусі.