Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Ружжо калясцовае паляўнічае

  • 02.12.2016

Імя Леанарда да Вінчы вядома кожнаму адукаванаму чалавеку. Разам з тым, не кожны ведае, што аўтар сусветнавядомай “Джаконды” ў свой час стварыў накід калясцовага замка, якім пачалі карыстацца пры вырабе калясцовай зброі.

Калясцовы замок уяўляе сабой прымацаванае да ружжа калёсіка з насечкаю, якая высякае іскру пры вярчэнні, а тая, у сваю чаргу, падпальвае порах.

Першыя калясцовыя ружжы з’явіліся ў Заходняй Еўропе пасля 1500 года. Каштавалі яны дорага па прычыне вялікай колькасці дробных дэталяў, якія часта псаваліся. Такім чынам, толькі заможныя людзі маглі купіць сабе калясцовае ружжо ці пісталет, якія, як правіла, упрыгожваліся гравіроўкай, інкруставаліся косткаю. Калясцовае ружжо выкарыстоўвалі ў якасці вайсковай зброі, а таксама для стральбы па мішэнях і палявання.

Некалькі ўзораў калясцовых ружжаў, пісталетаў 16 – 17 стагоддзяў, вырабленых у краінах Заходняй Еўропы, захоўваюцца ў калекцыі агняпальнай зброі. Калекцыя ўтрымлівае каля 300 адзінак захоўвання.