Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Скарына – асветнік–гуманіст"

  • 02.06.2017

У рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 500–годдзю беларускага кнігадрукавання, 2 чэрвеня Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прэзентуе выставу “Скарына – асветнік–гуманіст”.

Постаць славутага асветніка–гуманіста выступае сімвалам беларускага Адраджэння. Выданнем у Празе ў 1517 годзе Бібліі “для народа паспалітага, для навучэння добрага” ён заклаў традыцыі кірылічнага друку, а мову Кнігі кніг навукоўцы адносяць да беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы.

Фотавыстава разгорнута ва ўнутраным дворыку музея, дзе на працягу некалькі гадоў рэалізуецца культурна–асветная праграма “Стары новы двор”. Выстава “Скарына – асветнік–гуманіст” – не навуковы аналіз спадчыны Скарыны, але сваеасаблівая мастацкая прэзентацыя юбілейнай тэмы сродкамі сучаснай фатаграфіі.

У аснове паказу – матэрыялы з фондавых калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: скульптурная выява Скарыны, створаная Эдуардам Астаф’евым; жывапісны партрэт Скарыны, выкананы Пятром Сергіевічам; графічныя аркушы з выявамі беларускіх асветнікаў–гуманістаў Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, выкананыя Валянцінам і Ляіляй Варэцамі, Арленам Кашкурэвічам, Эдуардам Агуновічам і іншымі вядомымі мастакамі. Шырока прадстаўлены беларускі плакат, прысвечаны дзейнасці асветніка. У якасці прыкладу працягу традыцый кірылічнага друку, закладзеных Скарынай, падаюцца выявы старонак кірылічных выданняў са збору музея, у тым ліку: Апостал (пасля 1595), Новы запавет з Псалтырам (пасля 1611), Актоіх (1646), Азбука (пасля 1781).

Фондавыя матэрыялы дапоўнены фотавыявамі гравюр з “Кнігі Царстваў”, “Кнігі Ісуса Сірахава” і іншых, якія прадстаўлены для паказу Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Аўтары мастацкай канцэпцыі выставы – Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч, вядомыя шэрагам ілюстраваных выданняў, прысвечаных гісторыка–культурным помнікам Беларусі.

Разлічаная на самую шырокую музейную аўдыторыю, выстава “Скарына – асветнік, гуманіст” будзе працаваць да пачатку кастрычніка.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

тэл. 327 43 22